Палітзняволеная Кацярына Андрэева падала апеляцыйную скаргу на вынесены нядаўна прысуд

Журналістка Кацярына Андрэева, якой нядаўна прысудзілі 8 гадоў калоніі «за здраду дзяржаве», абскардзіла гэты вырак.

Палітзняволеная Кацярына Андрэева. Фота: фэйсбук Ігара Ільяша

Палітзняволеная Кацярына Андрэева. Фота: фэйсбук Ігара Ільяша


Муж палітзняволенай журналісткі тэлеканала «Белс*т» Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш паведаміў у сваім фэйсбуку, што Кацярына вырашыла абскарджваць вынесены ёй 13 ліпеня прысуд і падала апеляцыйную скаргу.
На дадзены момант яна застаецца ў СІЗА №3 горада Гомеля.
Нагадаем, Кацярына Андрэева разам з Дар’яй Чульцовай былі затрыманыя 15 лістапада за стрым падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Яе асудзілі на 2 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Выйсці на волю Кацярына мусіла 5 верасня, аднак 7 красавіка сям’і палітзняволенай стала вядома, што Кацярыне выставілі новае абвінавачанне — за «здраду дзяржаве».
13 ліпеня 2022 года суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прысудзіў Кацярыне Андрэевай 8 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве». Сутнасць абвінавачання дагэтуль застаецца невядомай.
«Я атрымала больш, чым Салжаніцын», — так адрэагавала Кацярына на свой прысуд.