Палітвязень Павел Сахарчук, асуджаны за пашкоджанне аўтамабіля жонкі начальніка ДВП, выйшаў на волю

Пра вызваленне чарговага палітычнага зняволенага паведамляюць праваабаронцы.

photo_2022_07_30_12_52_59.jpg

Суд Мінскага раёна 3 лютага 2021 года вынес прысуды па крымінальнай справе супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня ў Баравой. Іх усіх абвінавацілі ў групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі начальніка Дэпартамента выканання пакарання (ДВП) Аляксандра Гейца: «Пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў». У выніку Паўла Сахарчука асудзілі да двух гадоў і аднаго месяца ў калоніі.

Мінчукоў затрымалі 29 верасня 2020 года супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа каля той самай машыны супрацоўніка. Пры затрыманні іх збівалі і катавалі. Тэрмін Павел адбываў у папраўчай калоніі № 22 (Воўчыя норы). Вядома, што адміністрацыя калоніі ўвесь час ціснула на Паўла, яго некалькі разоў змяшчалі ў ШІЗА.

Нагадаем, Арцёма Анішчука, таксама асуджанага па гэтай справе, на волю так і не выпусцілі, бо перазатрымалі па новай крымінальнай справе і дадалі яму яшчэ адзін год зняволення.