Ігар Ільяш: «Каця ўспрыняла прысуд са спакойнай годнасцю»

Муж палітзняволенай Кацярыны Андрэевай расказаў, як яна адрэагавала на сённяшняе рашэнне суду па справе аб «здрадзе дзяржаве».

Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева

Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева


«"Я атрымала больш, чым Салжаніцын", — сумна пажартавала сёння Кацярына Андрэева.
Сапраўды, Аляксандр Салжаніцын пры Сталіне ў 1945 годзе атрымаў 8 гадоў пазбаўлення волі. Каця шляхам складання двух прысудаў — 8 гадоў і 3 месяцы.
Каця ўспрыняла прысуд са спакойнай годнасцю. Калі зачытвалі гэтую лічбу, яна іранічна ўсміхалася. Вонкава паводзіны Каці нічым не адрознівалася ад яе паводзінаў на першым прысудзе. Толькі цяпер яна была ў элегантнай крэмавай сукенцы.
На аснове якіх падзей паўстала гэтая справа, нам дагэтуль невядома. У судзе было заяўлена, што Каця прызнаная вінаватай "у перадачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве". У прынцыпе, ужо гэтага дастаткова, каб зразумець механізм генеравання падобнага абвінавачання. Каця працавала на замежнае СМІ, а журналісцкія расследаванні былі адной з яе прафесійных спецыялізацый ... г. зн. на адзін з яе старых журналісцкіх матэрыялаў проста нацягнулі фармулёўку з арт. 356 КК. Прычым некалькі гадоў таму тое, за што цяпер атрымала гэты людаедскі тэрмін Каця, не лічылася нават адміністрацыйным правапарушэннем — ну, а інакш бы гэтая справа з'явілася тады, а не цяпер, калі Каця ўжо больш за 600 дзён пазбаўленая волі. Але планка ненармальнасці ўзляцела за гэты час да завоблачных вышынь.  
Па сённяшняй Беларусі можна вывучаць анатомію тэрору — тое, як растуць маштабы беззаконня і градус гвалту, калі яны не сустракаюць належнага супраціву. І калі хто-небудзь думае, што мы ўжо дасягнулі мяжы, то ён моцна памыляецца. "Заўсёды ёсць пекла яшчэ страшней", — сцвярджала знакамітая псіхалагіня Эдыт Ева Эгер. Яна, былая вязніца Асвенцыма, ведала, пра што гаворыць.
  Але не менш важна ведаць, што любое пекла канчатковае. Задача кожнага з нас заключаецца ў тым, каб наблізіць яго (пекла) канец. Якім бы цяжкім, небяспечным і жахлівым ні быў гэты шлях, мы не маем права апускаць рукі, спыняцца і здавацца. Мы выстаім».
Таксама Ігар Ільяш запісаў відэазварот, дзе пракаментаваў суд над Кацярынай.
Ён расказвае, што пра тое, што прысуд вынясуць сёння а 12-й гадзіне, яму паведамілі ў 10.10-10.15, адпаведна, кажа Ільяш, ніхто не змог бы трапіць на агалошванне прысуду фізічна — калі б ехаў з Мінска, напрыклад. Верагодна, мяркуе муж Кацярыны Андрэевай, менавіта для таго і бралася паўза ў судовым працэсе.
Яшчэ адна цікавая дэталь, якую агучыў журналіст: пры агалошванні прысуду не называўся склад суду — прозвішчы суддзі, пракурора і сакратара не былі агучаныя. Самому Ігару Ільяшу аніякай інфармацыі па складзе суду таксама не прадастаўлялася.
Кацярына Андрэева будзе падаваць апеляцыю на прысуд.