Еўрапейскія журналісты заклікалі актывізаваць санкцыі з-за прысуду Кацярыне Андрэевай

Беларуская асацыяцыя журналістаў і Еўрапейская федэрацыя журналістаў выступілі з заявамі ў сувязі з новым прысудам Кацярыне Андрэевай. Нагадаем, сёння ёй прысудзілі 8 гадоў калоніі за, нібыта, «выдачу замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь».


«Еўрапейская федэрацыя журналістаў асуджае гэтую пародыю на правасуддзе і заклікае ўлады Беларусі спыніць пераслед і судовы пераслед работнікаў СМІ, а таксама вызваліць усіх журналістаў, зняволеных у турму за сваю працу», — цытуе заяву ЕФЖ REFORM.by.

«Беларускі дыктатар і яго памагатыя не грэбуюць ніводнай нізкай кропкі, — сказала прэзідэнтка ЕФЖ Мая Север. — Яны дайшлі да таго, што прыцягнулі да крымінальнай адказнасці ўжо несправядліва зняволенага журналіста па новых сфабрыкаваных абвінавачваннях. Гэтыя судовыя пераследы і ўзмацненне рэпрэсій у дачыненні да журналістаў дэманструюць сапраўдную прыроду дыктатарскага рэжыму ў Беларусі».

«Гэта адзін з самых жорсткіх прысудаў у дачыненні да журналіста ў Беларусі, — прыводзіць словы кіраўніка БАЖ Андрэя Бастунца прэс-служба ЕФЖ. — Беларускае кіраўніцтва хоча пакараць Кацю за яе смеласць. Яны прызначаюць ёй дадатковы васьмігадовы турэмны тэрмін усяго за два месяцы да запланаванага вызвалення ад папярэдняга пакарання. Мы патрабуем адмены рашэння суда і перагляду судовага працэсу».

ЕФЖ заклікаў Еўрасаюз, Савет Еўропы і АБСЕ ўзмацніць дыпламатычны ціск на беларускае кіраўніцтва і актывізаваць санкцыі супраць усіх агентаў рэпрэсій у Беларусі.

Беларуская асацыяцыя журналістаў заявіла, што абураная прысудам і разглядае яго як судовае пакаранне калегі за выказванне свайго меркавання і выкананне прафесійнай журналісцкай дзейнасці.

«Той факт, што справа разглядалася за зачыненымі дзвярыма, хавае ад грамадскасці нават самыя простыя абставіны абвінавачвання ў адрас журналіста. БАЖ бачыць у гэтым прысудзе непрыхаваны пераслед канкрэтнага чалавека. Мы заклікаем кампетэнтныя дзяржаўныя органы неадкладна адмяніць прысуд», — гаворыцца ў заяве.

Па звестках БАЖ, у цяперашні час у Беларусі за кратамі знаходзіцца 31 журналіст і работнік СМІ толькі за тое, што яны выконвалі сваю працу.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

,
Больш цікавага на «Новым Часе»: