Еўракамісія дазволіла транзіт некаторых падсанкцыйных тавараў у Калінінград, і толькі чыгункай

Еўракамісія 13 ліпеня прыняццем новых правіл дазволіла Расіі перавозіць падсанкцыйныя тавары па чыгунцы ў Калінінградскую вобласць і з яе праз тэрыторыю Еўрапейскага саюза, але толькі для патрэб гэтага эксклава.

756576704053137.jpg


«Гэтыя кіруючыя прынцыпы пацвярджаюць, што аўтамабільны транзіт падсанкцыйных тавараў расійскімі кампаніямі не дазволены ў адпаведнасці з абмежавальнымі мерамі ЕС. На чыгуначным транспарце такой забароны няма, калі не будзе перашкод для абавязацельстваў дзяржаў — членаў ЕС ажыццяўляць эфектыўны кантроль», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Еўракамісіі.

Транзіт некаторых расійскіх тавараў у Калінінград спыніўся пасля ўваходжання ў дзеянне санкцый ЕС, абвешчаных у сувязі з уварваннем Масквы ва Украіну, піша Delfi.

Паводле абноўленых правіл, Літва і іншыя краіны — члены ЕС павінны будуць правяраць, ці застаюцца аб'ёмы транзіту ў межах аб'ёмаў, устаноўленых за апошнія тры гады, каб забяспечыць, што тавары, якія падпадаюць пад санкцыі і перавозяцца ў Калінінград, адпавядаюць рэальнаму мясцоваму попыту і не экспартуюцца ў краіны ЕС.

Дзяржавы-члены таксама павінны будуць адсочваць незвычайныя патокі тавараў або гандлёвыя тэндэнцыі, якія могуць спрыяць абыходу санкцый.

Нягледзячы на абноўленыя правілы, транзіт тавараў і тэхналогій вайсковага або падвойнага прызначэння застаецца забароненым, незалежна ад абранага спосабу транспарціроўкі.

«Мэта сённяшняй дарожнай карты — растлумачыць правілы, якія прымяняюцца, і нагадаць, што дзяржавы — члены ЕС павінны прадухіляць усе магчымыя формы абыходу абмежавальных мераў ЕС. Таму Еўракамісія падкрэслівае важнасць маніторынгу гандлёвых плыняў у абодвух напрамках паміж Расіяй і Калінінградскай вобласцю, каб гарантаваць, што падсанкцыйныя тавары не трапяць на мытную тэрыторыю ЕС», — гаворыцца ў паведамленні.

Літоўскія ўлады выступалі ўвесь гэты час супраць таго, каб ісці на нейкія саступкі Расіі.