Дэфолт зусім? Расія хоча пералічваць узносы ў ААН у рублях

Расія прапрацоўвае магчымасць пераходу на пералік узносаў у бюджэт арганізацыі Аб'яднаных Нацый і ўстаноў сістэмы ААН у рублях, заявіў дырэктар дэпартамента міжнародных арганізацый МЗС РФ Пётр Ільічоў.

maxresdefault_146.jpg


«Пераход на пералік узносаў у рублях прапрацоўваецца і шмат у чым залежыць ад гатоўнасці і магчымасці нашых партнёраў у ААН прымаць плацяжы ў расійскай валюце», — сказаў Ільічоў, паведамляе АФН са спасылкай на Інтэрфакс.

Ён падкрэсліў, што выплаты РФ у бюджэты арганізацый сістэмы ААН «ажыццяўляюцца ў поўным аб'ёме і, па магчымасці, своечасова».

Расійскі дыпламат адзначыў, што ўведзеныя заходнімі краінамі санкцыі ўключаюць у сябе маштабныя меры, накіраваныя на абмежаванне нармальнага функцыянавання фінансавай сістэмы Расіі.

«Гэта змушае нас выпрацоўваць новыя мадальнасці выканання фінансавых абавязацельстваў перад бюджэтамі ААН і яе спецыялізаваных устаноў. Чакана, асноўныя праблемы звязаныя з дзеяннямі амерыканскіх банкаў. У шэрагу выпадкаў недружалюбную палітыку праводзяць прадстаўнікі швейцарскай банкаўскай сістэмы», — сказаў Ільічоў.