Ці будзе голад у многіх краінах? Украіна і Расія распачалі ў Стамбуле перамовы па збожжы
Чарговы раўнд перамоваў паміж Украінай і Расіяй — пры пасярэдніцтве ААН — адкрываецца ў сераду, 13 ліпеня, у Стамбуле. Плануецца, што дэлегацыі правядуць два дні ва ўрадавым будынку на беразе Басфора.
Галоўнае пытанне — экспарт украінскага збожжа, якое чакае адгрузкі ў партах, заявіў напярэдадні міністр абароны Турцыі.
У сустрэчы прымаюць удзел дэлегацыі трох краін: Украіны, Расіі, Турцыі, а таксама прадстаўнікі ААН. Самі перамовы праходзяць у закрытым рэжыме.
Расія пацвердзіла факт сустрэчы і падкрэсліла, што хоча захаваць «магчымасць кантролю і надгляду караблёў, каб пазбегнуць кантрабанды зброі».
Украінская дэлегацыя, у сваю чаргу, выказала надзею, што пад эгідай ААН перамовы зрушацца з мёртвай кропкі.
Мінабароны Турцыі плануе выпусціць па выніках сустрэчы прэс-рэліз з апісаннем яе вынікаў.
Нагадаем, на пачатак ліпеня ва Украіне заблакаваныя 22 мільёны тон збожжа. Да гэтага часу краіна пастаўляла каля 30% збожжавых у Еўропу, 30% — у Паўночную Афрыку і 40% — у Азію. Супрацоўнікі Сусветнай харчовай праграмы ААН не перастаюць паўтараць, што калі блакада Чорнага мора не будзе знятая ў бліжэйшы час, гэта выкліча голад у многіх краінах.
Паводле korrespondent.net, euronews.com