«Дагаварыць ёй не далі». У ААН у беларускай чыноўніцы забралі слова

У Нью-Ёрку 12 ліпеня афіцыйная прадстаўніца беларускага МЗС і дэмсілы прадставілі ААН даклады па сітуацыі ў краіне. Карцінкі моцна адрозніваліся.

Настасся Касцюгова (злева). Фота: Інстаграм Касцюговай

Настасся Касцюгова (злева). Фота: Інстаграм Касцюговай


На пасяджэнні начальніца галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС Ірына Вялічка зачытала афіцыйны даклад (Добраахвотная нацыянальная справаздача). У ім — прыгожая карцінка таго, як Беларусь рэалізуе мэты ўстойлівага развіцця.

Затым слова ўзяла Настасся Касцюгова — менеджарка стратэгічнай камунікацыі Офіса Ціханоўскай і дачка палітзняволенага палітолага Валерыі Касцюговай.

«Я паказала на шэраг рэчаў, якія выступоўца чамусьці забылася згадаць: напрыклад, колькасць палітвязняў, ліквідаваныя НДА, смяротнае пакаранне і многія іншыя сістэматычныя парушэнні правоў чалавека. Таксама я паказала альтэрнатыўную справаздачу, якая падрыхтаваная ў супрацоўніцтве з НДА і незалежнымі экспертамі, у якой адлюстраваная рэальная сітуацыя ў Беларусі. Пасля гэтага выступу зала прыкметна ажывілася», — падзялілася дэталямі пасяджэння ў сацсетках Касцюгова.

Па яе словах, прадстаўнік ЕС таксама быў вельмі збянтэжаны афіцыйнай прэзентацыяй і задаў шэраг пытанняў пра рэальную сітуацыю ў краіне.

На што Ірына Вялічка папракнула парушэннем правоў чалавека сам Еўрасаюз. «Наша прапанова Еўрапейскаму саюзу — не перакладваць свае праблемы на плечы Беларусі. У Беларусі працуюць», — адрэагавала чыноўніца.

Як паведамляе Офіс Ціханоўскай, у прадстаўніцы МЗС пасля гэтага забралі слова.

«Дагаварыць ёй не далі, што адбываецца ў ААН вельмі рэдка. Увогуле, даклад МЗС пайшоў не па плане, як, на жаль, і ўстойлівае развіццё Беларусі пасля 2020-га года», — заўважае Настасся Касцюгова.