Вынікі перамоў па ўкраінскім збожжы: экспарту быць?
Украіна, Турцыя і Расія пры пасярэдніцтве ААН ствараюць каардынацыйны цэнтр па экспарце ўкраінскага збожжа, якое дагэтуль застаецца заблакаваным праз ваенную агрэсію Расіі.
На пачатак ліпеня ва Украіне заблакаваныя 22 мільёны тон збожжа. Да гэтага часу краіна пастаўляла каля 30% збожжавых у Еўропу, 30% — у Паўночную Афрыку і 40% — у Азію. Калі блакада Чорнага мора не будзе знятая ў бліжэйшы час, гэта прывядзе да перабояў у ланцужках паставак харчавання на сусветны рынак і выкліча голад па многіх краінах, не перастаюць паўтараць супрацоўнікі Сусветнай харчовай праграмы ААН.
Да немагчымасці вывезці леташняе збожжа, якое пагражае сапсавацца пры 30-градуснай спякоце, дадаюцца складанасці з распачатай пасяўной. Пасля расійскага ўварвання ва Украіну да чвэрці збожжавых сельскагаспадарчых земляў аказаліся непрыдатныя. На днях Украіна заявіла пра адпраўку 16 караблёў са збожжам па канале Дунай — Чорнае мора. Гэта стала магчмым пасля вызвалення Украінай вострава Змяіны.
Перамовы па вывазе збожжа з Украіны пачаліся сёння ў Турцыі. Па іх выніках заяўлена, што Расія абяцае рэжым перамір'я падчас экспарту, а Турцыя будзе правяраць караблі на прадмет перавозкі зброі.
Наступны раўнд перамоў запланаваны на наступны тыдзень.