Асудзілі журналіста Юрыя Ганцарэвіча — за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці
Крымінальную справу журналіста Юрыя Ганцарэвіча разглядаў Брэсцкі абласны суд. Сёння вынеслі прысуд — 2,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму
Суд над 23-гадовым журналістам Юрыем Ганцарэвічам пачаўся яшчэ ўчтора, 13 ліпеня.
Юрыя Ганцарэвіча вінавацілі ў тым, што ён, «маючы намер на іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, 2 сакавіка 2022 года, прыкладна ў 18.09, знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы ў горадзе Баранавічы, выкарыстоўваючы ў якасці сродку здзяйснення злачынства тэлефон», адправіў фотаздымкі ў бот тэлеграм-канала прызнанай экстрэмісцкім фарміраваннем Св*боды. Гэта былі «фотавыявы вайсковай авіятэхнікі, якая знаходзіцца на тэрыторыі аэрадрома 61 знішчальнай авіяцыйнай базы, якая дыслакуецца ў Баранавічах, з подпісам “аэрадром у Баранавічах”».
Сваю віну Ганцарэвіч у судзе прызнаў. Але патлумачыў, што «хацеў паказаць, што ў бок Украіны лётаюць не беларускія самалёты, а расійскія, хацеў даказаць, што Беларусь не ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях».
Сёння, 14 ліпеня, Брэсцкі абласны суд прызнаў журналіста вінаватым у здзяйсненні злачынства па п. 1 артыкула 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Юрыя Ганцарэвіч збіраецца абскардзіць прысуд.
Журналіста Intex-press Юрыя Ганцарэвіча затрымалі 27 красавіка 2022 года па адміністрацыйнай справе. 29 красавіка яго асудзілі на дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту, аднак на волю ён так і не выйшаў: 6 траўня яму прад'явілі абвінавачванне ў крымінальным злачынстве.