Беларусь жывая! Як раённая суполка робіць больш шчаслівымі дзетак палітвязняў
Сёння многім беларусам падаецца, што прастора для спрыяльнай дзейнасці, скіраванай на развіццё грамадзянскай супольнасці, на падтрымку адно аднаго на іх радзіме вынішчаная, а здабыткі 2020 года засталіся толькі прыгожым і кароткатэрміновым эпізодам у гісторыі. Прыведзеная ніжэй гісторыя даказвае, што гэта зусім не так.
Дваравыя аб’яднанні і чаты, якія ў свой час так натуральна з’явіліся ў беларускім жыцці і ўліліся ў яго, выклікалі ў тых, хто заве сябе сілавікамі, жудасную ярасць. Гэта даволі лагічна — куды ім да разумення прыроды эмпатыі, праяваў бескарыснай падтрымкі і чалавечай годнасці. Мы памятаем абсурдныя прыклады таго, як няпрошаныя госці разганялі звычайныя агульныя чаяванні ў беларускіх дворыках, як затрымлівалі і збівалі адміністратараў раённых чатаў. Нас прымусілі думаць, што «няпрошаныя госці» перамаглі, што беларусы, як і раней, не ведаюць адно аднаго, жывучы гадамі ў адным пад’ездзе, не ўсміхаюцца адно аднаму на вуліцах, што ад іх такой недарэчнай здольнасці ў пэўны час аб’ядноўвацца і ісці ў адным кірунку не засталося нічога.
Мы звязаліся з беларускай, якая пажадала застацца ананімнай і распавяла, як звычайны раённы чат стаў сапраўдным валанцёрскім цэнтрам, што дапамагае пацярпелым ад рэпрэсій беларусам. Адзін з найістотнейшых напрамкаў дзейнасці гэтага «цэнтра» — адмысловыя пасылкі дзеткам палітвязняў.
— Яшчэ за некаторы час да выбараў 2020 у нашым раёне сталі збірацца людзі, знаёміцца адно з адным, размаўляць, — узгадвае суразмоўца. — А потым мы арганізавалі раённую суполку, пачалі збірацца разам у дварах. Пасля выбараў у краіне з’явілася шмат палітвязняў. З кожным днём іх станавілася ўсё больш. Мы пачалі думаць, чым можам дапамагчы.
Жанчына распавядае, што спачатку чальцы суполкі сталі актыўна пісаць вязням сумлення лісты, у якіх пыталіся аб магчымых спосабах дапамогі. Калі затрымлівалі людзей з суполкі, суседзі аб’ядноўвалі высілкі, каб знайсці адвакатаў, збіралі грошы, карацей, дапамагалі, хто чым мог.
— А потым нехта з палітвязняў напісаў, маўляў, «мне нічога не трэба, але ў мяне ёсць сям’я, у дзіця хутка дзень народзінаў», — кажа беларуска. — І папрасіў нейкім чынам перадаць прывітанне, павіншаваць па магчымасці ад бацькі, хоць бы проста па тэлефоне. Тады мы вырашылі, што калі нічым не можам дапамагчы палітвязням (лісты і пасылкі да іх і раней не часта даходзілі, а зараз гэта зусім рэдкасць), тады будзем дапамагаць такім чынам — дасылаць дзецям пасылкі ад бацькі ці ад маці, якія зараз за кратамі.
Чальцы раённай суполкі пачалі шукаць кантакты сем'яў палітвязняў, збіраць сродкі на падарункі дзеткам. Такім чынам раз на тыдзень камусьці з маленькіх беларусаў дагэтуль прыходзіць доўгачаканае вітанне з-за беларускіх засценкаў.
— Мы пытаемся ў бацькоў пра ўзрост дзетак, пра тое, чым яны цікавяцца, каб падабраць добры падарунак. Калі бацькі кажуць, што ім самім патрэбная нейкая дапамога, стараемся яе аказаць, — распавядае суразмоўца. — У родных палітвязняў часта не хапае сродкаў на тое, каб набыць дзіцёнку нейкую гульню ці кніжку. Бо ўтрыманне сваяка пад вартай насамрэч каштуе не мала — адна толькі аплата адваката абыходзіцца нятанна. Таму, напрыклад, перад першым верасня мы стараемся знайсці дзетак вязняў сумлення, якія збіраюцца ў першы клас, і падбіраем ім адмысловы набор у падарунак.
У той жа час беларуска адзначае, што асноўная мэта пасылак дзецям — не забяспечыць іх неабходным, а падараваць радасць менавіта ад падарунка, ад напаміну пра тое, што бацька ці маці хоць і не побач фізічна, але думаюць пра іх, любяць іх.
— Мы кладзем у падарунак вельмі розныя рэчы, абапіраючыся на індывідуальныя асаблівасці дзетак. Бывае, што ў сям’і шмат дзяцей, тады, вядома, падбіраем нешта прыемнае для ўсіх. А калі дзіцёнак у сям’і адзін — можна падабраць нешта больш дарагое, — дзеліцца валанцёрка. — Часцей за ўсё, вядома, даруем нейкія цацкі, гульні ці, напрыклад, ролікавыя канькі. Бывае, што кладзем у пасылку дыскі беларускіх музыкаў ці рэдкія кніжкі. Ну і салодкія прысмакі. Карацей, падыход цалкам індывідуальны. Кожная пасылка — гэта нешта новае.
Беларуска кажа, што зараз пошук адрасоў дапамогі значна ўскладніўся, таму што лісты за краты амаль не даходзяць.
— На 40 лістоў палітвязняў добра, калі прыйдзе адзін ці два адказы, — кажа жанчына. — Палітвязням зараз перадаюць лісты толькі ад сваякоў ці не перадаюць увогуле. Таму стараемся даведацца пра дзяцей палітвязняў праз нейкіх знаёмых, праз сваякоў тых, каму мы ўжо дасылалі пасылкі… Увесь час шукаем тых, каму можна дапамагчы, бо палітвязняў так шмат, а мы яшчэ не ўсіх дзетак парадавалі.
Суразмоўца таксама падкрэслівае, што дапамога дзецям вязняў сумлення — толькі адзін з напрамкаў дзейнасці раённай суполкі.
— Людзі выбіраюць розныя спосабы дапамогі, сыходзячы з таго, што ім бліжэй, але дапамагаюць усе, — кажа беларуска. — У каго не хапае часу, той проста дапамагае грашыма. Непасрэдна пошукам дзетак, якім можна даслаць падарункі, выбарам падарункаў і адпраўкай пасылак займаюцца некалькі чалавек, але ж у гэтым працэсе занятыя ўсе чальцы суполкі, проста ў рознай ступені.
Распавядаючы пра такую цудоўную і натхняльную з’яву, пра тое, як беларусы дораць хвілінкі радасці дзецям, якія таксама ўскосна пацярпелі ад рэпрэсій, беларуска размаўляе ціхенька, напаўголаса, як бы баючыся, што нехта падслухае, старанна падбіраючы словы. На пытанне пра тое, ці страшна ёй, жанчына адказвае: «Мы не робім нічона дрэннага. Гэта толькі падарункі дзецям. Хоць саджаюць зараз і не за такое».
Суразмоўца кажа, што дзейнасць раённай суполкі не спыняецца, і што калі ў кагосьці сканчваецца энтузіязм, заўсёды з’яўляюцца новыя людзі.
— Вядома, зараз мы робім усё не так актыўна, як раней, таму што многія з’ехалі і з-за мяжы не надта дапамагаюць, — адзначае беларуска. — Таксама многія людзі пераключыліся на падтрымку іншых — напрыклад, украінцаў, гэта таксама зразумела. І ўсё ж я думаю, што мы працягнем дапамагаць да апошняга. Спадзяемся, што ўвесь гэты жах у нашай краіне калі-небудзь скончыцца.