Хронікі рэпрэсій. Экстрэмізм у пасылках і затрыманне ціктокера-мільённіка
З дапамогай праваабаронцаў і недзяржаўных СМІ сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед беларусаў 4 кастрычніка.

«Экстрэмісцкія матэрыялы» пачалі знаходзіць у пасылках.
«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі змесціва некаторых міжнародных пасылак. Сярод іх — світшот «Кусь за Беларусь», каляндар «Не маўчы па-беларуску» і часопіс «Казкі-Краскі».
Суд Кастрычніцкага раёна Мінска 30 верасня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» змесціва некаторых міжнародных пасылак. У спісе каля 70 пазіцый, сярод якіх паштоўкі, майкі, нашыўкі, часопісы, налепкі, кубкі і іншыя сувеніры, адзначаюць праваабаронцы.

«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны і тэлеграм-чат «Каментатарская». Такое рашэнне 30 верасня вынесла ганцавіцкая суддзя Аксана Зоткіна па прапанове мясцовага пракурора Аляксандра Гурбановіча.
Мінінфарм абмежаваў доступ да інтэрнет-рэсурсу marketing.by. Падставай стала нібыта тое, што на партале «размяшчалася інфармацыя, забароненая да распаўсюджвання».
Палітзняволенага айцішніка Сяргея Кірэенку асудзілі па «справе Зельцэра» да 3,5 гадоў калоніі.
Супрацоўніка EPAM і калегу загінулага айцішніка Андрэя Зельцэра судзілі ў Гомельскім абласным судзе. Пасяджэнне было закрытым.
Сяргея Кірэенку судзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 (абраза Лукашэнкі). Суддзя Руслан Царук прызначыў палітвязню тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Вядома, што Сяргея пасля затрымання збівалі і пагражалі фізічнай расправай.
Пацвердзілася затрыманне экс-дэпутата Паўла Знаўца. Былога дэпутата Вярхоўнага Савета сапраўды затрымалі. «Пакаяльнае відэа» з ім з'явілася на праўладным тэлеграм-канале. На ім Павел Знавец «прызнаецца» ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Лекарку Наталлю Нікіціну перавялі ў гомельскае СІЗА-3. Яе затрымалі 29 верасня 2021 года наўпрост на працы — у Мінскім цэнтры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі. За некалькі гадзінаў да затрымання лекарцы паведамілі пра звальненне.
Наталлю асудзілі па «справе Зельцэра» на адзін год і 10 месяцаў пазбаўлення волі, а таксама прызначылі штраф у 200 базавых велічыняў (6400 рублёў). Днямі яе перавялі ў гомельскі СІЗА-3.
У Баранавічах зноў затрымалі «афганца» Генадзя Борыса. А ў жніўні яму прызначылі былі 800 рублёў штрафу за тое, што ён «ацаніў публікацыю з «экстрэмісцкай» інтэрнэт-старонкі, чым распаўсюдзіў яе інфармацыйную прадукцыю».
Палітзняволеную Алену Гнаук пазбавілі перадач і спатканняў. Актывістку з Пружанаў 15 жніўня перавялі ў папраўчую калонію № 4. У лістах Алена Гнаук піша, што ў калоніі яе не змяшчалі ў ШІЗА, але часткова пазбавілі перадач і спатканняў. Жанчына, аднак, піша, што па-ранейшаму бадзёрая духам і энергічная, здароўе ў яе нармальнае, і просіць перадаць усім велізарнае прывітанне і чакае лістоў з волі.
Нагадаем, 17 чэрвеня палітзняволеную актывістку асудзілі на тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 3200 рублёў. Алену Гнаук прызналі вінаватай па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса. Перад этапам у калонію палітзняволеную больш за паўтара месяца ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары баранавіцкага СІЗА.

23-гадовага палітвязня Кірылу Давідзюку з Кобрына асудзілі на 2 гады калоніі за сарваны сцяг, што вісеў на ўваходзе ў краму. Такі прысуд 3 кастрычніка ў Кобрынскім судзе вынеслі хлопцу паводле арт. 370 КК (Знявага дзяржсімвалаў). Кірылу абвінавацілі ў тым, што ён заходзіў у краму і галавою закрануў дзяржаўны сцяг, які вісеў на ўваходзе. Кірыла яго сарваў і кінуў на зямлю. Яго дзеянні зафіксавала камера відэаназірання крамы.
Сілавікі затрымалі блогера Улада Белавусава — у яго больш за 2 мільёны падпісантаў у TіkTok. Палоннае відэа з блогерам з'явілася на адным з праўладных тэлеграм-каналаў.

Восем сілавікоў у поўным абмундзіраванні прыйшлі затрымліваць жанчыну з-за каментара ў інтэрнэце.
Відэа затрымання Вольгі Раманцовай апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы і паведамілі, што супраць яе распачата крымінальная справа. З відэа вынікае, што ўся віна Вольгі — у тым, што яна была падпісаная на дваровыя чаты, а год таму нібыта пакінула абразлівы каментар пра суддзю. Праваабаронцы паведамілі, што затрымліваць жанчыну прыйшлі ажно восем сілавікоў у поўным абмундзіраванні і са шчытамі. На амуніцыі некаторых з іх былі прымацаваныя георгіеўскія стужкі.