Сілавікі затрымалі ціктокера-мільённіка, які таксама з'яўляецца гульцом зборнай па хакеі на траве
Сілавікі затрымалі ціктокера-мільённіка Уладзіслава Белавусава, паведамляе «М*дыязона» са спасылкай на праўладныя каналы.
Блогера абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе. Нібыта ён удзельнічаў у перакрыцці дарог, «нагнятаў сітуацыю і заклікаў іншых
парушаць закон».
Таксама паведамляецца, нібыта Уладзіслаў Белавусаў перадаваў інфармацыю ў канал N*XTA і
апублікаваў відэа, у якім «абразіў альбо пакрыўдзіў супрацоўнікаў міліцыі».
Белавусаў — гулец зборнай Беларусі па хакеі на траве. Ён вядзе цікток-акаўнт belousov_10, які налічвае 2,1 мільёна падпісчыкаў.
Пераслед блогераў, у тым ліку ціктокераў, даўно стаў звычайнай справай у Беларусі. Любога больш ці менш заўважнага актывіста сацсетак могуць затрымаць і адправіць на «суткі» паводле выдуманых абвінавачанняў. Нярэдкімі сталі і выпадкі завядзення крымінальных спраў.