TikTok-блогера асудзілі на два гады калоніі за абразу Лукашэнкі
Палітзняволенаму TikTok-блогеру Андрэю Бяляўскаму сёння, 22 жніўня, прысудзілі два гады калоніі за абразу Лукашэнкі, паведамляюць праваабаронцы.
![andrej_bjaljauski.jpg andrej_bjaljauski.jpg](/img/v1/images/andrej_bjaljauski.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Суд над 45-гадовым TikTok-блогерам з Бабруйска Андрэем Бяляўскім пачаўся сёння раніцай, а ўжо пасля абеду быў вынесены прысуд. Яго справу паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі) у закрытым рэжыме разглядаў суддзя Антон Дудаль.
Андрэя Бяляўскага затрымалі 28 красавіка наўпрост на працы — у ягонай уласнай роварнай краме «Веласпортмайстар».
Разам з Бяляўскім забралі і яго непаўналетняга сына. Потым сына адпусцілі — аддалі бабулі з дзядулем.
Пасля затрымання супрацоўнкі ГУБАЗіКа захапілі акаўнт Бяляўскага ў TikTok.
Андрэя можна падтрымаць грашовымі пераводамі, пасылкамі, бандэролькамі і тэлеграмамі: СІЗА-5, 213826, Бабруйск, 1-ы Пераезны завулак, 10, Андрэй Мікалаевіч Бяляўскі.