Спявачка, затрыманая за ўкраінскую песню, не выйшла пасля 15 дзён арышту

Спявачку Мерыем Герасіменка, якую затрымалі пасля выступу каля бара «Банки-Бутылки», гледзячы па ўсім, асудзілі яшчэ раз. 

herasimenka.jpg


Інфармацыя аб тым, што Мерыем Герасіменка асудзілі на 15 сутак, з'явілася ў тэлеграм-канале «Спісы затрыманых» 6 жніўня. Дакладная дата суда не пазначаная. Напісана, што паседжанне суда адбылося меркавана з 1 па 5 жніўня. Артыкул, па якім судзілі выканаўцу, пазначаны не быў.
Атрымліваецца, на мінулым тыдні дзяўчына мусіла выйсці на волю. Аднак, як паведаміў адзін з яе знаёмых, Мерыем усё яшчэ не дома.
У канцылярыі суда Цэнтральнага раёна паведамілі, што «апошняе паседжанне, якое ў яе было, адбылося 10 жніўня». Дзяўчыне далі яшчэ 15 сутак.
Як сказалі ў канцылярыі, судзілі спявачку па артыкуле 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
3 жніўня на тэрасе бара «Банки-Бутылки» на Зыбіцкай прайшоў вулічны канцэрт мінскай спявачкі Мерыем Герасіменка. Сярод песень, якія яна выканала, былі і творы ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы». У прыватнасці, песня «Обійми». Гледачоў на канцэрт сабралася шмат. Яны публікавалі відэа ў сацсетках, нярэдка са стыкерамі ў жоўта-сініх колерах і іншымі знакамі падтрымкі Украіне.
На наступны дзень у адным з тэлеграм-каналаў, звязаных з так званымі сілавікамі, з'явіўся пост: «Падкажыце хто-небудзь, а мінскія ўлады наогул у курсе, што ў іх у цэнтры горада робіцца?». Пазней гэтую хвалю падхапілі прапагандысты Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая.