«Я чакаю вас, Мікола, на волі, каб абняць па-сяброўску і працягнуць нашыя дэбаты»

Мікола. Мой былы студэнт. Адзін з моцных і яскравых студэнтаў, які застанецца ў маёй памяці да канца. Студэнт, выпускнік, якім ганаруся ня толькі я, але, ведаю, іншыя выкладнікі ды цалкам унівэрсытэт. Выпускнік, які цяпер знаходзіцца ў турме на радзіме. Выпускнік, якому не напісаць цяпер, бо рэжым зладзіў яму помсту.

Ведаю, мае шматлікія лісты Міколу, якія я дасылаў з Летувы і Францыі, згубіліся ў спэцадзьдзеле Белпошты і апынуліся ў сьметніцы. Белпошта, вядома, сама нічога не вырашае — цалкам залежыць ад рэжыму, таму даўно, на жаль, не выконвае сваіх паштовых функцыяў. Таму пішу і віншую з днём народзінаў Міколу праз адзіны даступны мне канал — «Новы Час».

Шмат год ведаю Міколу. Яшчэ з часоў ягонага першага сядзеньня. Ён быў студэнтам-завочнікам на паліталягічнай праграме. Тады мы ведаліся хіба віртуальна, дзякуючы ліставаньню зь ім, а больш зь ягоным бацькам. Ужывую ж пазнаёміліся, калі яго вызвалілі і ён паступіў да нас у ЭГУ на дзённую паліталягічную праграму. Мяне адразу шармавалі ягоныя ўпартасьць, сьпеласьць і няўрымсьлівасьць. Мяне цікавілі ягоныя аргумэнтаванасьць і рацыянальная абарона анархісцкай пазыцыі. І мяне зьдзіўляла тое, што анархізм спалучаўся на прыкладзе Міколы зь верай у бога. Памятаю, спачатку яго таксама зьдзіўляла ўва мне тое, што я мужчына-фэмініст. Падчас дыскусіяў на сэмінарах і па-за сьценамі ўнівэрсытэту, дапамагаючы ў рэдагаваньні ягонай кнігі «Фарбы паралельнага сьвету» мы зьведаліся лепей. Я кіраваў фінальнай бакаляўрскай працай Міколы. Ці не ўпершыню ў беларускай палітычнай навуцы крытычна трактавалася тэма Ісламскай дзяржавы на аснове багатых крыніцаў ня толькі па-ангельску, але і па-арабску. Ён досыць салідна прааналізаваў тэму і выканаў працу, якую дасюль не рабілі беларускія палітолягі. У турме Мікола яшчэ раней пачаў вывучаць арабскую ды курдзкую мовы — гэта вельмі дапамагала яму як дасьледніку.

Пасьля выпуску і да апошняга арышту калі-нікалі мы сустракаліся ў Вільні і Менску, размаўлялі на розныя тэмы, а яшчэ часьцей мы ліставаліся. Я сачыў за Міколам праз ягоныя тэксты, праз рэакцыю як афіцыйнай, так і калядэмакратычнай Беларусі на ягоную анархісцкую дзейнасьць, і мяне засмучала, як не даацэньваюць яго і баяцца ў нас усюль праз неразуменьне ці амальгамнае разуменьне самога азначэньня «анархіст». Іншы, сьвежы, бунтарскі пагляд — якраз тое, чаго так не хапае нам, тое, што можа і павінна растрэсьці закасьцянелыя грамадзтва і сыстэму ці, прынамсі, закасьцянеласьць думаньня.

Артыкулы Мікалая Дзядка ў «Новым Часе»

Хутчэй усяго 23 жніўня 2022 году ў чарговы раз Мікола застанецца бязь вестак з волі, без майго ды шматлікіх іншых віншаваньняў. Але ў архівах «Новага Часу» захаваюцца нашыя ўвага ды безупынныя думкі пра яго.

Мікола, віншую вас з днём народзінаў з вашай любай студэнцкай Вільні і зычу вам трываласьці і аптымізму! Я ўдзячны вам за тое, што вы застаецеся крыніцай аптымізму ўнутры Беларусі. Мікола, вы заўсёды былі чалавекам-промнем. А яшчэ зычу вам хутчэйшага вызваленьня! Ведаеце, я чакаю вас, Мікола, тут, на волі, і каб абняць па-сяброўску, і, каб працягнуць нашыя дэбаты, і, напрыклад, паспрачацца зь некаторымі спрэчнымі тэзамі, агучанымі ў вашай апошняй працы «Тэорыя міжсэкцыйнасьці: анархісцкая крытыка».
Зрэшты, ведаю, наступным разам мы сустрэнемся ва ўжо новай Беларусі…

Вы можаце падтрымаць Міколу Дзядка:

— дашліце ліст ці паштоўку (можаце дадаць прыемныя ўкладанні: маркі, канверты, пустыя паштоўкі);
— дашліце тэлеграму: праз пошту або патэлефанаваць на нумар 166 і надыктаваць тэкст;
— з-за меж Беларусі: праз сервіс Пісьмо.бел (дата нараджэння 23.08.1988).

Адрас: 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Турма № 1. Дзядку Мікалаю Аляксандравічу.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: