Анархіст, філосаф, журналіст. Што вы яшчэ не ведалі пра Міколу Дзядка

Сёння Мікалай Дзядок — чалавек з адкрытым поглядам і прыгожай усмешкай, журналіст «Новага Часу», актывіст анархічнага руху — за кратамі адзначае свой 34-ты дзень народзінаў.

d6f43535_5fe2_411d_818e_d618719c0565.tmp


Імя Мікалая Дзядка вядомае многім. На жаль, часта не праз ягоныя творы і публікацыі, а таму што яго надзвычай любяць выкарыстоўваць прапагандысты, бо слова «анархіст» у біяграфіі Міколы так пужае прыхільнікаў стабільнасці, што ўжо само па сабе з’яўляецца падставай для таго, каб малады мужчына правёў многія гады ў зняволенні.


Будучы анархіст нарадзіўся ў сям’і былога следчага, пракурора і суддзі Аляксандра Дзядка. Пра дзяцінства і падлеткавы ўзрост Міколы амаль нічога не вядома, хоць відавочна, што палітычныя погляды анархіста сфарміраваліся менавіта ў юнацтве. Узнікае пытанне: як у сям’і, дзе праз працу бацькі павінна панаваць атмасфера дзяржаўнасці і законнасці, з’явіўся анархіст? У першую чаргу думаем пра класічную сітуацыю татальнага супрацьстаяння бацькоўскім поглядам, але ж тата Міколы дае іншы адказ — больш складаны і лагічны.

«У душы я быў і застаюся суддзёй — чалавекам, для якога права і справядлівасць галоўныя ў жыцці. Можа, таму я і не стаў вялікім начальнікам у сістэме. І так было заўсёды, калі Коля нарадзіўся і рос. Ён з дзяцінства чуў, што чалавек народжаны свабодным, што трэба паступаць паводле сумлення. Спачатку галоўным словам для яго была "справядлівасць", потым яно трансфармавалася ў "правы" і "свабоду"», — распавёў Аляксандр Дзядок «Н*шай Н*ве».

Верагодна, недзе на пачатку нулявых, яшчэ падлеткам, Мікола ўжо добра разумеў, што «правы» і «свабоду» ў лукашэнкаўскай Беларусі можна займець толькі ў супрацьстаянні рэжыму. З той пары змаганне актывіста не спынялася.

Пасля школы Мікола Дзядок паступіў у юрыдычны каледж. Выдатна скончыўшы там навучанне, быў залічаны на трэці курс юрыдычнага факультэта БДУ. Але вучоба там не задаволіла патрэбы маладога чалавека, і ён паступіў на завочнае аддзяленне ў ЕГУ, дзе разлічваў атрымаць спецыяльнасць «палітолаг-юрыст». Вось як узгадвае на старонках выдання «Р*дыё Св*бода» тыя гады бацька палітвязня:

«Калі яшчэ вучыўся ў школе, спрабаваў дзесьці знайсці хоць нейкую падпрацоўку. Пасля заканчэння каледжа ён паўгода працаваў судовым выканаўцам у адным з судоў Мінска, але сышоў. Кажа, дзяржаўная служба не для яго. Потым працаваў у прыватнай фірме, і ў яго да арышту была вельмі цікавая праца. Ён працаваў у калектарскай кампаніі, дзе выконваў абавязкі журналіста, юрыста і камп'ютаршчыка адначасова».

dzjadok_z_backam_logo_1.jpg

Упершыню Міколу Дзядка затрымалі 3 верасня 2010 года ў якасці падазраванага ў справе аб «нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі». Тады яшчэ не вядомаму шырокай публіцы актывісту толькі споўнілася 23 гады. Калі па гэтым абвінавачванні не назбіралася дастаткова доказаў, анархіста спрабавалі абвінаваціць толькі што не ў забойстве Кенэдзі: быў і нібыта «напад на Дом прафсаюзаў», і «напад на аддзяленне "Беларусбанка"». Пасля 20 сутак арышту следчыя нарэшце выбралі абвінавачванне для Міколы Дзядка — удзел у несанкцыянаванай акцыі каля Генштаба, пазней прыпісалі яшчэ «хуліганства». 27 мая 2011 года Міколе прысудзілі 4,5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён праходзіў па «справе анархістаў».

Сваёй віны актывіст не прызнаў, пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі адмовіўся. За кратамі Мікола Дзядок нават паспеў ажаніцца. Да арышту Мікалай год жыў разам са сваёй абранніцай Валерыяй Хоцінай, афіцыйныя адносіны маладыя людзі аформілі ў 2011 годзе, у сценах магілёўскай турмы.

Вось што казала жонка Мікалая пра той перыяд зняволення:

«Ён ніколькі не шкадаваў, што так адбылося. У лістах ён мне пісаў: "Я буду тут да той часіны, пакуль не зразумею ўсё, што мне наканавана". Ён заўсёды быў аптымістам, нават у самых чорных для сябе сітуацыях ён заўсёды бачыць плюс. Тое, што ён не зламаўся, гэта дакладна».

Тое, што Мікола Дзядок не зламаўся ні тады, ні падчас шматлікіх затрыманняў, якія чакалі яго ў будучыні, сёння мы ведаем дакладна. Але толькі ўявіце сабе: зусім малады чалавек, які разлічвае на шчаслівыя студэнцкія гады ў еўрапейскім універсітэце, трапляе за краты на 4,5 гады ўзмоцненага рэжыму па няўцямным абвінавачванні, і гэта ў гады, як кажуць, дастаткова «вегетарыянскія». І нікога тады, падаецца, гэты факт асабліва не здзівіў. Бо «анархіст» жа, а асацыятыўны шэраг з гэтым словам, дзякуючы няхітрым паліттэхналогіям, дазваляе апраўдваць і рэпрэсіі, і катаванне карцарам, і збіццё. Так абараняюцца стабільнасць і супакой.


50661360_1.jpg

«Улада хоча стварыць з анархістаў вобраз, які б даў падставы для рэпрэсій, маўляў, вось яны хочуць ператварыць жыццё ў пекла, а мы для грамадства адзіная абарона. Увогуле тэарэтык анархізму ў нашай краіне, напэўна, адзін — гэта Мікалай. І ён адкрыта кажа, што супраць гвалту. Дзе ж тыя анархісты, якія паляць машыны і кідаюць кактэйлі Молатава? Улада баіцца Мікалая не таму, што ён суперчалавек, хаця асабіста я думаю, гэта амаль так, а таму што ён ясна тлумачыць правы і магчымасці чалавека, і яго аўтарытэт непахісны», — казаў з гэтай нагоды бацька Міколы Аляксандр ужо ў 2021 годзе, пасля чарговага суда над сынам.

У 2015 годзе, за 5 дзён да таго, як Мікалай павінен быў выйсці на волю, яму прысудзілі яшчэ адзін год за кратамі. Прычына — «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». У знак пратэсту супраць невыносных умоў утрымання Мікалай Дзядок нанёс сабе рэзаныя раны жывата і рук.


22 жніўня 2015 года Мікалай быў вызвалены па «памілаванні» Лукашэнкі, якога актывіст не прасіў.


Пасля вызвалення Дзядок аднавіўся ў ЕГУ, дзе вывучаў міжнародную палітыку і эканоміку. Выкладчык актывіста Уладзіслаў Гарбацкі піша пра яго: «Адзін з моцных і яскравых студэнтаў, які застанецца ў маёй памяці да канца. Студэнт, выпускнік, якім ганаруся ня толькі я, але, ведаю, іншыя выкладнікі ды цалкам унівэрсытэт. Выпускнік, які цяпер знаходзіцца ў турме на радзіме. Выпускнік, якому не напісаць цяпер, бо рэжым зладзіў яму помсту».

«Мяне адразу шармавалі ягоныя ўпартасьць, сьпеласьць і няўрымсьлівасьць. Мяне цікавілі ягоныя аргумэнтаванасьць і рацыянальная абарона анархісцкай пазыцыі. І мяне зьдзіўляла тое, што анархізм спалучаўся на прыкладзе Міколы зь верай у бога. Памятаю, спачатку яго таксама зьдзіўляла ўва мне тое, што я мужчына-фэмініст», — узгадвае выкладчык ЕГУ.

mikola_dzyadok_1.jpg

З 2016 года Мікалай Дзядок пачаў супрацоўнічаць з «Новым Часам» у якасці журналіста.

А ў 2017 годзе актывіст выдаў кнігу «Фарбы паралельнага свету», падсумаваўшы свой досвед зняволення, раскрыўшы таямніцы пенітэнцыярнай сістэмы. Сам таго не ведаючы, Мікола такім чынам падрыхтаваў беларускае грамадства да жыцця пасля 2020-га года. Прынамсі, тую частку грамадства, якая прачытала кнігу, хоць падаецца, гэтыя людзі і без таго былі гатовыя. Але ці сапраўды не ведаючы?

У 2018 годзе Мікалай апублікаваў на старонках «Новага Часу» артыкул «Практычныя парады: псіхалогія допыту» — тэкст, прасякнуты пяшчотным, засцерагальным і ў той жа час настойлівым тонам аўтара.


«Выпадкі, калі палітычных ламаюць фізічна, на сёння рэдкія. Самае галоўнае: на сёння няма рухаў і асоб, фатальна небяспечных для ўлады, супраць якіх такія метады варта было б ужываць з улікам папярэдніх двух фактараў. Як толькі такія рухі альбо асобныя індывідуумы з’явяцца, можаце быць упэўненыя, умоўна-ліберальны фасад будзе скінуты і катаванні будуць ужывацца», — пісаў тады Мікола.

Але вернемся на год назад, калі Дзядок стаў ахвярай гэтых самых рэдкіх выпадкаў. 25 сакавіка 2017 года актывіст быў затрыманы ў Мінску і дастаўлены ў Партызанскі РУУС, а пасля ў ЦІП на Акрэсціна. Адтуль Мікалая з чэрапна-мазгавой траўмай на хуткай завезлі ў шпіталь.

У тым жа артыкуле з парадамі наконт характару паводзін падчас допыту Мікола Дзядок пакінуў беларусам яшчэ адну істотную заўвагу, якая зноў жа апярэдзіла свой час:

«Яшчэ адзін важны момант — разуменне таго, што ты робіш. Згадваючы досвед 2010 года, я зразумеў: важнай прычынай супрацоўніцтва са следствам некаторых маіх былых таварышаў было тое, што, ідучы на анархісцкія акцыі, яны проста не разумелі, што робяць. Яны не асэнсоўвалі ступень адказнасці, якая на іх кладзецца, ступень рызыкі, якой яны сябе падвяргаюць. І калі ў кабінеце следчага гэтая ступень стала ім зразумелая з усёй відавочнасцю (то-бок калі яны зразумелі, што за разбітыя шыбы альбо дэманстрацыю на праезнай частцы можна рэальна сесці ў самую сапраўдную турму, дзе зэкі, вертухаі і баланда), яны паддаліся жаху і гатовыя былі на ўсё, каб пазбегнуць гэтай перспектывы.

То-бок, праблема іх здрадніцтва ўзнікла не тады, калі іх арыштавалі, а ў той момант, калі яны выйшлі з дома і пайшлі на акцыю. Яны не думалі альбо не хацелі думаць, што ім за гэта пагражае, і, натуральна, не былі гатовыя да наступстваў. Адсюль выснова: перад тым, як нешта рабіць, падумай добра, ці гатовы ты прыняць на сябе ўсю адказнасць? Падумай, пад які артыкул КК трапляюць твае дзеянні, і ці гатовы ты адсядзець за іх у выпадку няўдачы?

Таму асноўная выснова: кожны мусіць цвяроза ацэньваць свае сілы і разумець, чым ён гатовы ахвяраваць. Няхай кожны робіць тое, на што хапае ягонага ўнутранага рэсурсу».

61492052_867799063573160_3552827205295800320_n.jpg

Пасля 2020 года ўсіх моцна (і справядліва) уразіла, што падставай для судовай справы можа быць усяго толькі пост у сацсетках. Але і тут Мікола Дзядок усіх апярэдзіў — у 2019 годзе за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» яго асудзіла шырока і сумнавядомая суддзя Вікторыя Шабуня.

Што да падзей 2020-га, крымінальная справа на актывіста была заведзеная ў лістападзе. Пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа моцна збілі Мікалая, выкарыстоўвалі пярцовы газ, а потым гвалтоўна прымусілі запісаць «пакаяльнае» відэа. У аддзяленні ГУБАЗіКа Міколу Дзядка жудасна катавалі.

10 лістапада 2021 года суддзя Анастасія Папко прысудзіла актывісту пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі. Мікалай віну не прызнаў. На палітвязня ў калоніі працягваецца ціск: змяшчаюць у штрафты ізалятар, пазбаўляюць доўгатэрміновага спаткання, не перадаюць лісты і гэтак далей…

Нягледзячы на гэта ад Міколы часам прабіваюцца даволі аптымістычныя лісты.


Скончыць аповед пра беларуса, які з натхняльным гонарам праходзіць праз выпрабаваніі, хочацца наступнай ягонай цытатай:

«Калі мы не можам паўплываць на ўзровень рэпрэсій, выйсце можа быць толькі адно: падрыхтаваць сябе да іх. А гэта значыць, прыняць як данасць тое, што калі ты змагаешся, ты можаш быць за гэта пакараны. Калі ты атакуеш дзяржаву — яна контратакуе цябе. Гэта не трагедыя і не эксцэс, гэта нармальная з’ява, шараговы эпізод нашага супрацьстаяння. А гэта значыць, што для таго, каб годна сустрэць такі паварот у сваім жыцці, трэба няспынна працаваць над сабой, зжываць у сабе любыя слабасці, якія могуць быць скарыстаныя карнікамі, весці ў сваім сэрцы барацьбу супраць страху і жаданняў, якія цягнуць цябе ўніз.

Тыя, хто спрабуе нас знішчыць, працуюць за костку, кінутую з барскага стала. У іх няма чыстых ідэй, сваіх думак, годнасці, гонару і пачуцця справядлівасці. Мы ж усё, што мы робім, робім па поклічы сваёй душы. Можа быць, эканамічна і палітычна яны ўзялі верх, але маральная перамога на нашым баку ўжо зараз. Няхай разуменне гэтага грэе вас у цяжкую хвіліну».

Гэтыя словы былі напісаныя зноў жа ў 2018-м годзе.

Рэдакцыя «Новага Часу» шчыра віншуе Міколу Дзядка з народзінамі і жадае найхутчэйшага вяртання на волю!