Знік палітвязень Уладзіслаў Карэцкі. Родныя ўжо месяц не ведаюць, дзе ён

Палітвязню Уладу Карэцкаму 21 жніўня споўнілася 26 гадоў. Ужо месяц маці не атрымлівае ад яго вестак з наваполацкай калоніі і не ведае, што з сынам.

koretskiy.jpg

ШІЗА, зноў ШІЗА

Практычна кожны дзень я пішу яму лісты. Я не ведаю, даходзяць яны да яго ці не, — гаворыць маці Улада спадарыня Ірына.
Жанчына распавядае, што яе сын вельмі добры і ніколі не скажа, калі ў яго нейкія непрыемнасці, каб яе не хваляваць. Нават з-за кратаў на дзень народзінаў ён прымудраецца падарыць маці кветкі.
У наваполацкай калоніі Уладзіслаў ужо амаль год. Як ад пачатку складвалася яго знаходжанне там, жанчына не ведае, бо сын заўжды казаў, што ўсё нармальна.
— Вось ужо месяц я не атрымліваю ад яго ніякіх вестак. Да гэтага 22 чэрвеня я прывезла яму перадачу. Гэты дзень быў прызначаны загадзя, але перадачу не прынялі, бо сын быў у ШІЗА.
Маці палітвязня спрабавала высветліць лёс Улада па тэлефоне, але ёй адмаўляліся даваць інфармацыю. Потым спадарыня Ірына напісала ліст начальніку калоніі, і праз два тыдні атрымала адказ.
— Літаральна адразу сын напісаў мне, што атрымаў усе мае лісты, і на наступны дзень патэлефанаваў мне, — зазначае жанчына.
У наступным лісце Улад напісаў маці, што чарговую перадачу яна можа прывезці альбо 9, альбо 17 жніўня. І што, хутчэй за ўсё, пасля ШІЗА яго перавядуць у іншую калонію.
Аднак, калі 8 жніўня бацькі Уладзіслава датэлефанаваліся да калоніі, ім паведамілі, што сын зноў у ШІЗА і раней за 16 жніўня не выйдзе.
— Да цяперашняга моманту я не ведаю, што з ім і дзе ён, — са слязьмі ў голасе гаворыць спадарыня Ірына.

Два гады жаху

Жанчына моцна перажывае за здароўе сына, бо ён хварэе на псарыяз, яму патрэбныя лекі, якія можна даслаць у калонію, калі вязень напіша заяву. Так атрымалася, што бандэроль з лекамі, якую адправіла спадарыня Ірына, вярнулася назад — сын не паспеў напісаць заяву.
Апошні раз яна бачыла Улада на доўгатэрміновым спатканні 5 красавіка.
— Я не магу сказаць, што там да мяне дрэнна ставіліся, наадварот, была досыць прыемная гасцініца, нягледзячы на тое, што ў турме, — успамінае спадарыня Ірына. — Было такое хатняе адчуванне, мы з сынам амаль усю ноч прагаварылі, я была вельмі радая яго бачыць, — дзеліцца ўспамінамі суразмоўца.
Да затрымання Улад Карэцкі працаваў на «Беларусьфільме» асвятляльнікам. Ён браў удзел у стварэнні фільма «Урокі фарсі» рэжысёра Вадзіма Перэльмана. Гэтую карціну вылучылі на прэмію «Оскар» 2021 года ад Беларусі.
Улад мае вельмі шмат сяброў, у тым ліку на працы, яны ўвесь час тэлефануюць спадарыні Ірыне і падтрымліваюць яе.
— Калі прыйшоў ліст, што ў яго скончыўся кантракт, я паехала, каб забраць яго працоўную кніжку. Але мне сказалі, што яго не звальняюць, і дакументы можна не забіраць.
Улада Карэцкага затрымалі ў жніўні 2020 года, змясцілі ў СІЗА КДБ, потым — на Валадарскага. Хлопца абвінавацілі ў падрыхтоўцы і ўдзеле ў масавых беспарадках. Маці палітвязня перакананая, што сына і тых, каго судзілі разам з ім, наўмысна падставілі.
Спадарыня Ірына ўсё яшчэ не можа апамятацца ад таго, што сыну незаслужана прысудзілі 5 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яна была ў шоку ад абвінавачванняў і судовага працэсу. Да таго ж пераслед сына супаў з асабістымі трагедыямі ў сям'і.
— Калі яго забралі, у мяне праз два дні памерла свякроў і праз месяц — мая мама. Яна не магла гэтага перажыць, — са скрухай распавядае спадарыня Ірына. — Я ўжо два гады не магу прыйсці ў сябе ад гэтага жаху.
Нягледзячы на блакаду карэспандэнцыі, можна спрабаваць пісаць палітвязню: ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8. Карэцкаму Уладзіславу Ігаравічу.