«Што дапамагае трымацца? Я знайшоў адказ». Мікола Дзядок даслаў з калоніі філасофскія разважанні
«Вельмі часта мне задавалі і задаюць пытанне: што дапамагае трымацца ва ўмовах турмы і прэсінгу? Я і сам задаваў сабе такое пытанне і нарэшце знайшоў адказ», — піша палітвязень Мікола Дзядок з-за кратаў.
«Першае, што я зразумеў, што на рэвалюцыйнай рамантыцы далёка не сплывеш, — працягвае блогер і актывіст анархісцкага руху, якому прысудзілі пяць гадоў калоніі. — Рэвалюцыйная рамантыка — гэта добра, яна павінна быць, але яна сыходзіць ужо праз пару месяцаў зняволення, раствараецца.
Адчуванне таго, што ты здзяйсняеш подзвіг адступае і надыходзіць руціна.
Маркотныя сцены,
адсутнасць звыклых задавальненняў, аднастайнасць ва ўсім, пастаянна заняты
сукамернікамі туалет, — у гэтым няма ніякай рамантыкі. Ты проста знаходзішся 24/7 у непрыязным халодным асяроддзі. Таму я бачыў нямала людзей, якія
паламаліся на гэтай стадыі, пачыналі супрацоўнічаць са следствам, пісалі
прашэнні аб памілаванні ці проста казалі «мне гэта ўсё ўжо не трэба» і пераставалі пазіцыянаваць сябе як палітвязня.
І вось тыя тры рэчы, якія дапамогуць пазбегнуць такога
зыходу.
1. Дакладнае разуменне таго, дзеля чаго ты пакутуеш.
А для гэтага разумення, на мой погляд, важна мець самае галоўнае — добры багаж ведаў. Эмоцыі добрыя на кароткай дыстанцыі, калі трэба дзейнічаць, але калі трэба трываць, жыццёва неабходна рацыянальнае абгрунтаванне ўсяго, што ты робіш. Каб нязручныя факты, часовыя няўдачы і чыёсьці нявер'е не змагло збіць цябе са шляху.
Асабіста я вырас на працах Пятра Крапоткіна, Эрыха
Фрома, Пятра Рабава, на артыкулах часопіса «Аўтаном». Але ў кожнага
могуць быць свае маральныя аўтарытэты і тэарэтычныя школы — галоўнае, каб яны
былі. Як зразумець, што твой ідэалагічны багаж досыць трывалы? Ён такі, калі ты
ўмееш тлумачыць свае ідэі і сваю матывацыю чалавеку з любым узроўнем адукацыі — ад самага нізкага да самага высокага.
2. Разуменне гістарычнасці і асэнсаванасці за ўсё, што з
табой адбываецца. Сістэма робіць усё, каб кожны з нас адчуваў сябе толькі целам
у робе ў чатырох сценах.
У рэальнасці ж кожны з нас распачаў усвядомленыя намаганні і
пайшоў на рызыку дзеля змены свету, а гэта вялікая справа.
Таму кожны з'яўляецца часткай грандыёзнага вызвольнага руху,
які працягнуўся скрозь стагоддзі і кантыненты. Ад сікарыяў да ліёнскіх ткачоў,
ад паўстанцаў Спартака да санкюлотаў мы звязаны адзінай ніткай і прымаем удзел
у лёсе чалавецтва. Таму мы не можам быць самотнымі, і кожная хвіліна нашага
знаходжання ў няволі напоўнена сэнсам. Варта памятаць пра гэта.
3. Вельмі пажадана мець моцны круг блізкіх аднадумцаў. Тых,
з кім ты глядзеў у адным кірунку яшчэ на волі. Нават калі іх не пускаюць на
спатканні, а лісты выкідаюць цэнзары, гэтая фізічная падтрымка вельмі важная.
У гэтым плане выйграюць ідэалагічныя арыентаваныя людзі — удзельнікі партый,
рухаў і груп.
У мяне ёсць мае таварышы-анархісты па ўсім свеце, і я ведаю,
што яны будуць са мной, што б не здарылася, і не забудуць пра мяне, колькі б мне
не прыйшлося сядзець. Дай Бог кожнаму палітвязню мець такую падтрымку.
Але, нават маючы гэтыя тры складнікі, кожны можа сутыкнуцца з перыядам чорнай дэпрэсіі, апатыі і нежаданнем змагацца. У гэтым выпадку самае правільнае — успомніць, што было напісана на кальцы цара Саламона: «Усё пройдзе. І гэта таксама».