Стала вядома, у якую калонію этапавалі Мікалая Дзядка: новы адрас для ліставанняў

Палітзняволенага журналіста, актывіста і блогера Міколу Дзядка 12 лютага этапавалі з магілёўскай турмы № 4 у папраўчую калонію №9 г. Горкі. 

mikola_dzyadok_1_1_1.jpg


Нагадаем, Мікалая Дзядка жорстка затрымалі 11 лістапада 2020 года.

Прысуд — 5 гадоў калоніі — яму вынеслі ў Мінскім гарадскім судзе 10 лістапада 2021 года. Суддзя Анастасія Папко прызнала Мікалая вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;  арт. 361 Крымінальнага кодэкса — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;  арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў.
Дзядок віну не прызнаў, і сказаў у апошнім слове: «А ўсім, хто мае дачыненне да палітычных працэсаў у маёй краіне, я хачу сказаць: "Не майце ілюзій. Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор не спыніць развіццё і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!"».


Апеляцыйную скаргу Міколы Дзядка 25 студзеня разглядала судовая калегія Вярхоўнага суда, у якую ўваходзілі суддзі Уладзімір Давыдаў, Андрэй Кавальчук і Мікалай Грынцэвіч. У пасяджэнні прыняў удзел пракурор Генеральнай пракуратуры Андрэеў. Калегія пакінула скаргу без задавальнення, а прысуд — без зменаў.
Днямі Міколу этапавалі з магілёўскай турмы №4 у папраўчую калонію №9 г. Горкі. Цяпер некалькі тыдняў ён будзе знаходзіцца на каранціне.
Аляксандр Дзядок, бацька Міколы, распавёў НЧ, што напярэдадні этапу ў калонію ў магілёўскую турму сыну спрабавалі перадаць лекі: Мікола даўно скардзіцца на галаўныя болі. Але не атрымалася. Таксама родныя доўга не маглі даведацца, у якую калонію яго этапавалі. 
Новы адрас для лістоў салідарнасці: ПК №9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу, (на лістах пазначайце «каранцін»).

А вось пасылкі і пераводы слаць вязню ўжо нельга, цяпер гэта могуць рабіць толькі родныя.