Экс-палітвязень: «Мяне папярэджвалі, што вяртацца ў Беларусь небяспечна, але я не верыў»

Выбарчая кампанія 2020 года для 21-гадовага Максіма Пражэніка была першай, у якой ён мог абіраць прэзідэнта. Хлопец распавёў «Салідарнасці» пра тое, як уцёк з краіны, а потым вярнуўся і стаў палітвязнем.

Фота з асабістага архіва Максіма Пражэніка

Фота з асабістага архіва Максіма Пражэніка

— Калі стартавалі выбары, я ўбачыў усё бязмежжа, якое робіцца ў Беларусі. Не меркаваў, што яно ў такіх маштабах будзе: арышты, адмова ў рэгістрацыі кандыдатаў.
Максім спадзяваўся на перамены:
— Многія ставілі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, адкрыта выступалі супраць улады. Мне хацелася, каб у краіне быў новы прэзідэнт, а не адна і тая ж асоба пастаянна, каб у краіне была свабода слова, каб можна было афіцыйна ўладкавацца на працу і атрымліваць годны заробак.
Калі скончылася галасаванне, паступіла інфармацыя, што Лукашэнка набраў больш за 80 працэнтаў галасоў. Раніцай аказалася, што ЦВК пацвердзіла інфармацыю. У мяне быў шок: як такое магчыма? Бо столькі людзей супраць.
Увечары 9 жніўня я, як і многія мінчане, прыйшоў на Нямігу. Памятаю, як ахоўнікі ў гандлёвым цэнтры «Галерэя» заблакавалі дзверы, і амапаўцы білі людзей, якія хацелі схавацца ад сілавікоў, «упячатвалі» іх проста ў дзверы і забіралі.
Мы сталі ў счэпку — па-мойму, гэта была першая — на Нямізе, таму што ўсім надакучыла бегаць ад сілавікоў. На нас пайшоў атрад АМАПа са шчытамі, і тады стала страшна. Нас было шэрагі тры на праезнай частцы.
Калі шчыты падышлі ўшчыльную, ударылі дубінкамі — і счэпка развалілася. Тады мне ўдалося ўцячы.
Мяне затрымалі 10 жніўня на Пушкінскай. Гэта было ў дварах ноччу, каля гадзіны. Страшна было ад выбухаў светлашумавых гранат.
Мяне паклалі на зямлю і пачалі біць з такой стараннасцю... Дубінкамі, нагамі. Іх было двое. Прывялі да аўтазака і паставілі на калені. У машыне паклалі тварам уніз. Не дай Бог нехта заварушыцца ці гук выдасць, адразу ўдары прыляталі.
Пасля прывезлі ў нейкае РУУС, там мы доўга стаялі на расцяжках, на каленях. У прыбіральню не выводзілі, вады не давалі. І потым, у адзін момант нас загрузілі ў аўтазакі і прывезлі ў Жодзіна.
Там было больш лаяльнае стаўленне, чым на Акрэсціна, як пасля высветлілася. Калі нас прывезлі, нас чакалі як тэрарыстаў нейкіх, а прыехалі звычайныя хлопцы: хто ў шортах, хто ў тапках. Супрацоўнікі былі ў шоку, бо ім сказалі, што вязуць адмарозкаў. Яны былі гатовыя нас біць, але раздумаліся, калі ўбачылі, якія мы былі збітыя.
Максім успамінае, у 8-мясцовай камеры змясцілі больш за 30 чалавек.
— Першая ежа — два боханы хлеба, якія нам далі. Я думаў пра тое, што са мной будзе далей, і што ўвогуле адбываецца ў краіне. На гэтыя пытанні не было адказу.
Суда не было, выпусцілі ў ноч з 13 на 14-га жніўня. Каля будынка было шмат валанцёраў, усе прапаноўвалі дапамогу. Мяне адвезлі дадому.
Максім не звяртаўся ў праваахоўныя органы, каб зафіксаваць пабоі: «Чуў аб тым, што на тых, хто ідзе ў СК, заводзяць крымінальныя справы, і іх арыштоўваюць».
Другі раз Максіма затрымалі 27 жніўня каля Чырвонага касцёла:
— Гэта здарылася на наступны дзень пасля таго, як сілавікі зачынілі ў касцёле людзей і не выпускалі.
Максім быў здзіўлены, што тэлефон адразу ў яго не забралі. З аўтазака ён адправіў праваабаронцам геалакацыю і спіс людзей, якія ехалі з ім.
— Нас прывезлі ў Першамайскае РУУС, забралі тэлефоны і пачалі складаць пратаколы па 23.34. Я не пагадзіўся з пратаколам. Потым была гутарка з супрацоўнікам ці то КДБ, ці то ГУБАЗіКа.
Ужо вялі ў спартзалу, калі ў калідоры мяне спыніў супрацоўнік і папрасіў расшпіліць вятроўку. Я быў у майцы з надпісам «Кра*на для жыцця». Пасля гэтага мяне зноўку дапыталі, запісалі на відэа, сфатаграфавалі і толькі пасля гэтага адвялі ў спартзалу.
Пасля пяці раніцы Максіма і іншых затрыманых адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Хлопца асудзілі на 8 сутак арышту, перавялі ў ЦІП, а пасля адправілі ў Жодзіна.
Пасля сутак Максім працягнуў валанцёрыць (вёў спісы затрыманых, дапамагаў сваякам з перадачамі) і ўдзельнічаць у маршах да таго часу, пакуль пратэсты не аслаблі.
— 25 сакавіка, у Дзень Волі, да мяне прыйшлі дадому невядомыя людзі ў балаклавах. Я быў на працы. Малодшы брат (непаўналетні) не адчыніў ім дзверы. Ён патэлефанаваў мне, і я па гучнай сувязі сказаў, што зараз прыеду з адвакатам і папрасіў не выломліваць дзверы. Пасля гэтага сілавікі пайшлі.
У той жа дзень Максім з'ехаў з краіны. 1 верасня вярнуўся на радзіму: «Я прыехаў на вяселле да сябра. Мяне папярэджвалі, што вяртацца ў Беларусь небяспечна, але я не верыў».
Максіма затрымалі 17 верасня ў гандлёвым цэнтры. Пра тое, што на яго завялі крымінальную справу, даведаўся толькі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Ён быў вельмі здзіўлены, калі ўбачыў, што яе ўзбудзілі 13 кастрычніка 2020 года. Мяркуе, што яе адкрылі заднім чыслом.
Максіму прад'явілі абвінавачанне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса («арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Падставай стала фатаграфія, дзе Максім з іншымі людзьмі стаіць у счэпцы 9 жніўня 2020 года.
— Гэтае фота было апублікавана на Euronews, BBC і на іншых рэсурсах. Сілавікі яго павялічылі і такім чынам шукалі людзей на здымку.
Праваабаронцы прызналі Максіма Пражэніка палітвязнем.
22 лістапада 2021 года суддзя Заводскага раёна Мінска Алег Каляда вынес маладому чалавеку прысуд: тры гады абмежавання свабоды з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — «хіміі».
Іск «Мінсктранса» на суму 3621,94 рублёў вырашылі вылучыць у асобную грамадзянскую вытворчасць.
Пагашаць «шкоду» Максім не збіраецца:
— Гэта ж абсурд! Я спытаў, на якой падставе зроблены разлікі ўрону, але прадстаўнік "Мінсктранса" адказаць не змог. Суддзя быў здзіўлены і двойчы перапытваў: а як вы лічылі? Я кажу: калі мне не аднаму такі пазоў, дык у вас тралейбусы і аўтобусы павінны залатымі быць.
Калі мне зачытвалі прыгавор, зразумеў, што для гэтай дзяржавы я не з'яўляюся грамадзянінам.
27 лістапада Максім Пражэнік збег з краіны: «Нелегальна перасек мяжу, лясамі-палямі… З адным заплечнікам».
З эвакуацыяй хлопцу дапамагаў вядомы фонд, яшчэ адна арганізацыя выдзеліла жыллё на два тыдні. Цяпер Максім пад апекай Беларускага крызіснага цэнтра ў Львове і яго каардынатара Аляксея Францкевіча.
— Цэнтр дапамагае ўсім — ад даху над галавой да ежы і адзення. Вельмі важная падтрымка з легалізацыяй.
— Калі б вы ведалі, як гэта ўсё павернецца, выходзілі б на пратэсты?
— Так. Але з дакументамі паступіў бы інакш. Схаваў бы пашпарт, каб яго ў мяне не забралі.
Максім не ведае, ці вернецца калі-небудзь дадому: «Гледзячы праз колькі ўлада зменіцца і ў залежнасці ад таго, як складзецца жыццё».