Палітзняволенага Мікалая Дзядка этапавалі ў калонію
Палітзняволенага блогера, актывіста анархісцкага руху і аўтара «Новага Часу» Мікалая Дзядка 12 лютага этапавалі з магілёўскай турмы №4 у калонію, паведамляецца на ягонай старонцы ў Instagram.
У якую менавіта калонію перавялі актывіста, пакуль невядома.
Прысуд 33-гадоваму Мікалаю Дзядку вынеслі ў Мінскім гарадскім судзе 10 лістапада. Суддзя Анастасія Папко прызнала яго вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342, арт. 361, арт. 295-3, і прызначыла пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрошваў пракурор Антон Цюменцаў. Мікалай не прызнаў віну ні па ніводным артыкуле.
Апеляцыйную скаргу Міколы Дзядка 25 студзеня разглядала судовая калегія Вярхоўнага суда, у якую ўваходзілі суддзі Уладзімір Давыдаў, Андрэй Кавальчук і Мікалай Грынцэвіч. У пасяджэнні прыняў удзел пракурор Генеральнай пракуратуры Андрэеў. Калегія пакінула скаргу без задавальнення, а прысуд — без зменаў.