Дзень усіх закаханых: якія пары сустракаюць яго за кратамі?
14 лютага ва ўсім свеце святкуецца Дзень усіх закаханых. Сярод 1050 прызнаных праваабарончай супольнасцю палітвязняў у Беларусі таксама ёсць закаханыя: іх сілком разлучылі, часта не дазваляюць ліставацца, разам з імі сям'і пазбаўленыя і іхнія дзеці. Таму сёння праваабаронцы распавядае\юць пра вядомыя пары сярод палітзняволеных. Вы можаце даслаць ім "валянцінкі" за краты: цеплыня, пяшчота і каханне здольныя прабіць любыя муры.
Сяргей і Алена Маўшук
Фотаздымак з вяселля сям'і Маўшук
Сяргея Маўшука асудзілі да 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, ягоную жонку Алену — да 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Алене Маўшук 44 гады. Яна рабіла санітаркай і памочніцай кухара ў пінскім шпіталі. У іх трое дачок: адна — паўналетняя, дзве — малалетнія. 10-гадовую Ангеліну 17 верасня са школы забралі ў сацыяльны прытулак, таму што Сяргей з'яўляецца яе айчымам. Пазней дачку з прытулку забрала да сябе хросная.
Падтрымаць палітвязняў можна па адрасах:
ПК №8. 211388, Віцебская вобл., г. Орша, вул. Леніна, 195А. Сяргей Анатольевіч МаўшукПК №24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць. Алена Уладзіміраўна Маўшук.
Надзея і Уладзімір Калач
2 жніўня 2021 года музыкаў фэнтэзі-фольк-гурта Irdorath затрымалі са стралянінай на лецішчы пад Мінскам. Сярод іх былі лідары гурта: муж і жонка Надзея і Уладзімір Калач. Доўгі час мужчына вінаваціў сябе ў тым, што сяброў затрымалі на дні нараджэння жонкі, асабліва хваляваўся за саму Надзею. У судзе Савецкага раёна Мінска 14 снежня 2021 вынесены прысуд: па два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У адным з першых лістоў Надзея пісала:
«Што бы ні здарылася, у будучыні мы вернемся. І нашая любоў адно да аднога, да вас, да мастацтва, да нашых хлопцаў, да сяброў, да жыцьця нікуды не падзенецца. Абдыміце адно аднога за нас. Ну і слухайце часам нашую музыку, хай яна жыве звонку».
Падтрымаць палітвязняў можна па адрасах:
СІЗА-2. 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2. Уладзімір Аляксандравіч Калач
СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А. Надзея Робертаўна Калач
Любоў і Сяргей Разановічы
Любоў Разановіч раней валодала службай таксі, як і Мікалай Аўтуховіч. Муж спадарыні Любові Сяргей Разановіч — праваслаўны святар з вёскі Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна. На працу ездзіў з Брэста, настаяцелем у вёсцы быў ад 2004 года. Іх сын Павел Разановіч працаваў у аддзеле прымусовага выканання Ленінскага раёна Брэста. Іх абвінавачваюць па арт. 289 Крымінальнага кодэкса.
Падтрымаць палітвязняў можна па адрасе: Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Любоў Аляксандраўна Разановіч, Сяргей Анатольевіч Разановіч.