«Беларусь — у Эўропу!» Як у Беларусі пачыналі святкаваць Дзень Святога Валянціна

У апошнія два гады ўсе святы падаюцца крыху недарэчнымі і здабываюць новыя сэнсы. Напрыканцы дзевяностых падобнае адчуванне было і ў маладафронтаўцаў — групы маладзёнаў, якія добра разумелі, у якой краіне жывуць, і жадалі падзяліцца гэтым разуменнем з усімі.

00188.jpg

Да Дня Святога Валянціна актывісты Маладога Фронта ўпершыню 14 лютага 1998 года зладзілі легендарную акцыю «Беларусь — у Эўропу!», якая напрацягу дзесяцігоддзя збірала маладых беларусаў, што падзяляюць еўрапейскія каштоўнасці, і давала ім магчымасць быць пачутымі ва ўсім свеце. Пра тое, якім быў дзень 14 лютага канца дзевяностых-пачатку нулявых, мы паразмаўлялі з адным з арганізатараў акцыі Яўгенам Скочкам.

«Наша асноўная матывацыя — гэта любоў»

Акцыю «Беларусь — у Эўропу!» прыдумала ўправа Маладога Фронту. Сэнс акцыі быў у тым, каб у Дзень усіх закаханых, тады яшчэ зусім непапулярнае ў Беларусі свята, прайсціся па амбасадах еўрапейскіх краін і, умоўна кажучы, прызнацца ў любові да Еўропы. Мы падавалі заяўкі на правядзенне акцыі ў Мінгарвыканкам, паведамлялі прэсе і дасылалі ў амбасады лісты з просьбай сустрэцца з прадстаўнікамі краін у пэўны час 14 лютага, каб павіншаваць адно аднаго з Днём усіх закаханых і выказаць спадзевы моладзі на далейшае развіццё Беларусі ў еўрапейскім кірунку.
Напачатку, у 98-м годзе нам дапамагалі таварышы з БНФ. Бо мы ж былі маладымі студэнтамі і толькі ўяўлялі, як праводзіць падобныя акцыі. Але ў апошні момант старэйшыя паплечнікі — Вячаслаў Сіўчык, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Крыварот і іншыя — паступілі вельмі хітра. Яны не пайшлі з намі на акцыю, але ж былі побач і назіралі за намі з машыны. Гэта як кінуць у ваду і глядзець, паплывеш ці патонеш. Так кіраўнікі БНФ жадалі зрабіць з нас публічных палітыкаў. Гэта ў іх атрымалася. Але каб не БНФ, нам было б нашмат цяжэй. І вядома, не ўяўляю сабе гэтую акцыю без Паўла Севярынца. Таленавіты прамоўца, ён выратоўваў мяне ад перамовы з амбасадарамі. Мы з Паўлам увогуле вельмі дапаўнялі адно аднаго. 
Прадстаўнікі еўрапейскіх краін сустракалі нас асабіста і вельмі цёпла. Я тады ўпершыню ў жыцці трапіў у амбасады. Мы пачыналі рух з Плошчы Свабоды, дзе змяшчаецца французскае прадстаўніцтва. Памятаю, як упершыню ўбачыў форму французскіх паліцэйскіх, у кіно яна не такая прыгожая. Далей былі амбасады Нямеччыны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Эстоніі, Вялікабрытаніі, Італіі… Дарэчы, БРСМ (тады яшчэ БПСМ) зладзілі тады сваю акцыю ў піку Маладому Фронту. Праводзілася яна ў фармаце дыскатэкі ў Доме культуры ва Уруччы.

00196_1.jpg


Наша акцыя была прарыўной. Малады Фронт пасябраваў з некаторымі амбасадарамі, потым мы з імі свабодна кантактавалі. Сустрэчы з прадстаўнікамі еўрапейскіх краін 14 лютага сталі традыцыяй. Малады Фронт увогуле вельмі шчыльна супрацоўнічаў з міжнароднікамі. Суб’ектам палітыкі ва ўспрыманні міжнароднай супольнасці мы сталі, у тым ліку, дзякуючы Маргарэт Тэтчэр. Гэта яна выводзіла нас у Еўропу і прадстаўляла там.
Адметнай з’яўляецца і сустрэча маладафронтаўца Паўла Севярынца з Джорджам Бушам-малодшым у Белым Доме, калі прэзідэнт ЗША на паўгадзіны ссунуў пратакол сваіх сустрэчаў — так цікава ім было паразмаўляць адно з адным.
Можна казаць пра тое, што маладафронтаўцы сапраўды прарубілі акно ў Еўропу. А Дзень Святога Валянціна тады ў Беларусі ніхто асабліва не святкаваў. Мы тады моцна разрэкламавалі гэтае свята, якое зараз так шырока святкуецца сённяшнімі маладзёнамі.

Любоў — яна бясконцая

Што тычыцца асноўнай ідэі акцыі «Беларусь — у Эўропу!», тут трэба ўвогуле патлумачыць ідэю Маладога Фронта, у якой любоў грае ключавую ролю. Мы заўсёды казалі, што мы не супраць Лукашэнкі, мы — за Беларусь. Не ўсе правільна зразумелі гэтую ідэю, але ж наша асноўная матывацыя — гэта любоў, любоў да краіны, да народа, прычым не да пэўнай яго часткі, а да ўсяго народа. Некаторыя называюць сябе патрыётамі і кажуць, што народ — гэта быдла. Гэта зусім не наша пазіцыя. Нам была блізкая пазіцыя Кастуся Каліноўскага, які пайшоў за простых мужыкоў, ім рухала любоў да сваёй нацыі, свайго народа. Патрыёт ніколі не будзе падзяляць народ на «сваіх» і «чужых», ён за ўсіх, акрамя ворагаў, таму што ворагі — перашкода для развіцця краіны, і з імі трэба разбірацца па дарозе. Калі ў чалавека, які прыйшоў у палітыку, матывацыя адна — быць супраць, тады ўявім, што заўтра той, супраць каго гэты палітык выступае, сышоў. І што далей? Усё, мэта жыцця выканана? Любоў — яна бясконцая, яна кожны дзень будзе натхняць на новыя цудоўныя ідэі і карысныя дзеянні. Калі ты любіш сваю краіну, тады ўбачыўшы, што недзе трава не пакошана, возьмеш касу і пойдзеш касіць, таму што гэта твая зямля, твая нацыя. Любоў — рэсурс, які не дае спыняцца і не сканчваецца. Калі б Лукашэнка быў за Беларусь, мы былі б за Лукашэнку. А паколькі ён заўсёды быў супраць нацыі, то зразумела, што ён — перашкода на нашым шляху, і мы будзем супраць.

00194_1.jpg


«Мы звычайная еўрапейская краіна»

Мэтай акцыі 14 лютага была ў тым, каб заявіць, што беларусы — роўная еўрапейская нацыя сярод роўных. Калі Расійская Імперыя нас акупавала, мы пачалі адыходзіць ад Еўропы і яе каштоўнасцяў. Да гэтага мы развіваліся як паўнавартасная еўрапейская краіна. Таму мы частка Еўропы, і як мы можам нашу родную Еўропу не любіць? Акцыяй у Дзень закаханых мы жадалі нагадаць гэта перадусім беларусам, але разам з тым і еўрапейцам, якія пасля захопу Расійскай імперыяй лічылі нас часткай Расіі. І зараз таксама на жаль Беларусь у Еўропе разглядаюць не як суб’ект, а як пратэктарат Расіі. Але гаворка пра лукашэнкаўскую Беларусь, не нашу.
У 98-м годзе, падчас першай акцыі, міліцыянты нас не чапалі. Для іх гэтыя акцыі былі шокам. А вось у 99-м годзе ўсё было інакш. Акцыя была не санкцыянаваная, міліцыянты ўжо асмялелі і перасталі баяцца амбасадараў. Мы тады моцна спрачаліся з Паўлам Севярынцам наконт таго, як праводзіць акцыю, але паколькі я быў заяўнікам, вырашыў праводзіць па сваім фармаце.

00198_2.jpg


Тады нам з Польшчы прывезлі вялізны салют. Мы данеслі яго ад Плошчы Свабоды да Белай Вежы. Салют планаваўся на Кастрычніцкай плошчы, але скрыня з піратэхнікай была вельмі цяжкай, яе неслі чатыры чалавекі, змяняючы адно аднаго. Дык вось на Белай Вежы ахвотныя цягнуць скрыню скончыліся. Таму прыйшлося запальваць там. Дарэчы, па дарозе міліцыянты пыталіся ў мяне, што там у гэтай скрыні, на якой надпісы кшталту «Асцярожна, выбуханебяспечна». Я сказаў, што гэта валянцінкі, яны і паверылі.

00200_1.jpg


Калі падышоў час запальваць, мы сталі вакол гэтай скрыні і нехта з нас падпаліў. Хто гэта быў — ведае толькі ён сам. Запальнічкі былі ў кішэнях ва ўсіх, так мы дамовіліся. Падпалілі, адбеглі, але салют убачылі не ва ўсёй прыгажосці – попел сыпаўся ў вочы. Потым у гарадской пракуратуры салют вельмі хвалілі, следчым ён спадабаўся, сказалі, было вельмі прыгожа. Ён сапраўды быў маштабным – такі, як сёння запускаюць на вялікія святы.  А міліцыянты з Савецкага РАУСа тады падумалі, што мы пачалі вайну ці перастрэлку, таму што гук выбухаў быў вельмі падобны на стрэлы з аўтамата Калашнікава.

00201_2.jpg


Потым міліцыянты пад’ехалі да мяне, прапанавалі прайсці з імі. Цэлую ноч у РАУСе мяне ўгаворвалі падпісаць пратакол, абяцаючы адправіць дадому. Я не падпісаў, завезлі на Акрэсціна. Калі выйшаў адтуль — завезлі ў пракуратуру, узбудзілі справу. Але фармальна ім не было за што мяне пасадзіць, таму рабілі ўсялякія правакацыі, каб я зрабіў што-небудзь такое, за што можна было б рэальна мяне закрыць. Міліцыянты заўсёды былі міліцыянтамі, нічога не змянілася. Увогуле ў дзевяностых ужо ўсё было — і кветачкі дарылі, і ўсё астатняе мы праходзілі.
На маім судзе прысутнічалі амбасадары, прадстаўнікі АБСЭ, ААН. Мне далі год з адтэрміноўкай.
Па той акцыі 99-га года былі заведзеныя тры крыміналкі — за арганізацыю і актыўны ўдзел, абразу міліцыянта пры выкананні, яшчэ і справу за тэрарызм спрабавалі ўзбудзіць. Карацей, усе «народныя артыкулы», па якіх сёння сядзяць палітвязні, у мяне былі сабраныя яшчэ тады.
Што тычыцца пераследу за тэрарызм, гэта праз той наш знакаміты салют. Жадалі ўзбудзіць справу за тое, што мы прывялі ў дзеянне выбуховае прыстасаванне ў месцы масавага збору народу. Але не далі рады.

«А другую частку лозунга рэалізуеце»?

Дарэчы, на ўсіх акцыях побач з намі прысутнічаў Павел Латушка. Казаў, што назірае за нашай інтэграцыяй у Еўропу, таму што яму па пасадзе паложана (тады Латушка быў прэс-сакратаром МЗС). А яшчэ добра памятаю прыём у польскай амбасадзе ў 2003 годзе. Там быў я, Павел Севярынец, Павел Якубовіч, намеснік міністра МЗС, польскі амбасадар. А яшчэ гурт N.R.M., Кася Камоцкая, Вераніка Круглова... Потым падышоў і Павел Латушка. Перад усёй гэтай публікай Севярынец спытаў у яго: «Як жыццё»? Латушка адказаў: «Ваш лозунг рэалізуем, вядзем Беларусь у Еўропу». А Севярынец жа за словам у кішэню не палезе, і кажа: «А другую частку лозунга таксама рэалізуеце»? Латушка скамянуўся крыху, адказаў: «Працуем над гэтым».

00197_1.jpg


Калі я нядаўна паглядзеў здымкі з акцый канца 90-х, пазнаў там яшчэ аднаго чалавека — Марыя Калеснікава. Яны з сяброўкамі не былі маладафронтаўскім актывам, але на акцыі хадзілі і былі там у галаве калоны.

«Як Каліноўскі некалі не даў забыцца нацыі, хто яны, так і мы ёй не далі забыцца»

У перыяд акцый «Беларусь — у Эўропу!» большасць нашага народа была хутчэй саўковай. Каб былі нейкія змены, нам прыйшлося дзясяткі гадоў выхоўваць нацыю. Але значная частка пакалення нашых бацькоў — тых, каму зараз за 60 — былі людзьмі прагрэсіўнымі. А вось моладзь, студэнцтва вельмі добра разумела, што такое гэтая ўлада. 99,9% маладзёнаў нас падтрымлівалі, хоць не ўсе хадзілі на акцыі. Мае выкладчыкі ва ўніверсітэце, нават тыя, хто называлі сябе камуністамі, казалі: «Хоць ты і нацык, але мы цябе паважаем».
У людзей больш сталага веку, калі яны пачулі песню Андрэя Мельнікава са словамі «Хай гіне, хай гіне чырвоная пошасць, крывёй захлынаюцца бальшавікі», валасы дыбам уставалі, яны не разумелі, як гэта можна, гэта ж бальшавікі! У іх захаваўся моцны страх перад бальшавікамі. Яны былі выхаваныя ў іншай цывілізацыі, таму проста не маглі зразумець нашых ідэяў. Яны не былі супраць, проста не маглі да канца ўцяміць, што адбываецца.

00191.jpg


Калі кажуць, што ад нас, маладафронтаўцаў, у 90-х было мала толку, гэта абсалютна не праўда. Калі б не было нас — моладзь зараз не была б такая выхаваная. Усё ж мы перадалі Беларусь ім. Як Каліноўскі некалі не даў забыцца нацыі, хто яны, так і мы ёй не далі забыцца. Усе гэтыя рэчы — акцыі, лозунгі, сустрэчы на самых розных узроўнях — здаецца, дробязі, але яны правялі да фармавання грамадзянскай супольнасці, аб якой мы так марылі ў 90-х.
Зараз мы бачым, што гэтая супольнасць у нас ёсць, хоць гэта і было нечаканасцю. Я думаў, у 2020 годзе ўсё будзе як заўсёды, таму вельмі ўзрадаваўся, што ў нас ёсць сур'ёзная, сталая нацыя. Падзеі з рэпрэсіямі гэтую нацыю выхавалі да канца, ужо ніхто не будзе бегаць з чырвона-зялёным сцягам. У 2020 годзе нацыя была сырам металам, а зараз гэта ўжо метал, перакаваны на мячы. Гэта зусім іншае.
Зараз усё ідзе заканамерна, і скончыцца як па падручніку паліталогіі. Калі — гэта пытанне. Але чакаць засталося не так доўга, таму што эканоміка разбураецца касмічнай хуткасцю. Чым далей, тым хутчэй. Грошы скончацца, і далей у іх не будзе варыянтаў. Галоўнае, абы не было вайны, але не ў рэчышчы ваты, а каб рэальна вайну не распачалі. 

00183_2.jpg


Сёння 14 лютага для мяне не проста свята кахання, а добрая нагода ўзгадаць пра легендарныя акцыі Маладога Фронту, да якіх я меў гонар прычыніцца.
Фота: 14 лютага 1998 года, Мінск, акцыя “Маладога Фронту”, аўтар Уладзімір Сапагоў, vytoki.net