Сусветныя цікавосткі: падатак на фекаліі, Злучаныя Штаты Польшчы і новая нямецкая «акупацыя» Даніі

Самотныя жанчыны выступілі супраць Дня святога Валянціна, як збіраецца «фекальны падатак» у КНДР і пры чым тут Масква, ідэя Злучаных Штатаў Польшчы, якую абмяркоўвалі стагоддзе таму і новая нямецкая «акупацыя» Даніі — у нашай падборцы свежых кур'ёзаў.  

mycollages__2__2.jpg

Далоў святога Валянціна!

У Дня закаханых хапае праціўнікаў: ад абаронцаў маралі да рознага кшталту нацыяналістаў, якія бачаць у свяце канал прапаганды заходніх каштоўнасцей. Так, індыйскія нацыяналісты яшчэ нядаўна абразалі дзяўчынам, якія адзначаюць свята, валасы. Сёлета гэты лагер папоўнілі актывісткі незвычайнага руху жанчын-адзіночак, які дзейнічае ў Францыі. Яны, па іх словах, не жадаюць падпарадкоўвацца дыктату грамадства, якое, нібыта, навязвае катэгарычную ўстаноўку «быць шчаслівым магчыма толькі ў пары».
Аб'яднаныя ў інтэрнэт-супольнасць Mademoisellemodeuse «адзіночкі» правялі ў сетках флэшмоб супраць свята 14 лютага. Адначасова прапагандаваліся каштоўнасці руху, сутнасць якога наступная: «Вы павінны навучыцца любіць сябе ў першую чаргу і казаць сабе, што наша каштоўнасць не павінна залежыць ад таго, што падумае пра нас патэнцыйны спадарожнік». Цяжка сказаць, наколькі «адзіночкам» удалося сапсаваць атмасферу свята. Нейкім крытэрыем можа быць дынаміка росту колькасці супольнасці Mademoisellemodeuse. Напярэдадні апошняга 14 лютага яна налічвала 52 тысячы падпісчыкаў.

Фекальны падатак

«Кто сдает продукт вторичный, тот питается отлично!» — такім быў дэвіз жыхароў Маскоўскай камуністычнай рэспублікі ў сатырычнай утопіі Уладзіміра Вайновіча «Масква 2042». Каб атрымаць талоны на ежу, масквічы павінны былі здаваць свае фекаліі, якія прадаваліся за мяжу як энерганосьбіты.
Нешта падобнае, калі верыць сеульскай прэсе, адбываецца ў Паўночнай Карэі. Там пачалася сапраўдная «бітва за гной» з-за дэфіцыту ўгнаенняў. Сітуацыя прымусіла вышэйшага кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына пайсці на адчайныя меры: увесці квоты з чалавечых фекалій, якія ідуць на вытворчасць гною. Цяпер кожная сям'я павінна здаць дзяржаве 200 кг фекаліяў, калі хоча гандляваць сваімі прадуктамі на рынку. Таксама паведамляецца, што квоты распаўсюджваюцца не толькі на сямейныя фермы, але і на работнікаў дзяржпрадпрыемстваў.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Выданне Radio Free Asia цытуе крыніцу, якая заявіла, што працоўных КНДР «змушаюць здаваць два літры мачы штодня». Пасля яе мяшаюць з кампостам «для дасягнення вытворчых мэт». Прычым робіцца гэта ўсё ў вельмі ўзнятай атмасферы. Кіраўніцтва краіны запусціла спаборніцтвы паміж рэгіёнамі і калектывамі за гонар быць перадавіком у гэтай сферы.

Злучаныя штаты Польшчы

Польскія гісторыкі знайшлі цікавы дакумент датаваны студзенем 1917 года. Яго напісаў адзін з лідараў тагачаснай польскай палітычнай міграцыі Ігнацы Ян Падарэўскі (будучы прэм'ер-міністр і міністр замежных спраў Польшчы).
На той час польскія мігранты актыўна абмяркоўвалі будучыню краіны пасля заканчэння Першай сусветнай вайны. Не застаўся ў баку і пан Падарэўскі, які ў згаданым дакуменце прадставіў канцэпцыю стварэння Злучаных Штатаў Польшчы. Падарэўскі заклікаў да пабудовы Польшчы ў фармаце федэратыўнай дзяржавы, у якой канстытуцыя і законы павінны былі гарантаваць правы не толькі грамадзян, а таксама розных этнічных і рэлігійных груп. Тэрыторыя Злучаных Штатаў Польшчы павінна была ахопліваць большую частку тэрыторыі Рэчы Паспалітай з перыяду да падзелаў. З улікам тагачаснага насельніцтва і этнічнага падзелу ў Еўропе краіна налічвала б 54 (!) мільёны жыхароў і была б, па словах Падарэўскага, роўнай Францыі. Узначаліць яе павінен быў прэзідэнт, які адначасова павінен насіць тытул караля Польшчы, Літвы, Палесся і Галіцыі. Гэтая канцэпцыя польскай дзяржаўнасці была прадстаўлена аўтарам прэзідэнту ЗША Томасу Вудра Вільсану. Аднак пазней пра яе чамусьці забыліся і незалежная Польшча пасля вайны будавалася як унітарная дзяржава.

Немцы зноў акупуюць Данію

Дацкі Кабмін у шоку. Усё з-за таго, што Данія стала адной з першых краін у Еўропе, дзе вырашылі поўнасцю адмовіцца ад каранцінных мер супраць эпідэміі. Таксама скасавана абмежаванне правоў і свабод для тых, хто не прайшоў вакцынацыю. Відавочна, што за кошт гэтай меры ўрад хацеў падняць свой рэйтынг сярод датчан.
Аднак пакуль галоўным следствам лібералізацыі стала нечаканае масавае ўварванне немцаў, якія адмаўляюцца вакцынавацца на радзіме. Урад Даніі пачаў біць трывогу. Каб спыніць тэўтонаў, на ўзроўні дацкага ўрада вырашана пачаць прапагандысцкую кампанію. Немцам, якія заязджаюць у краіну, на мяжы нагадваюць, што Данія не найлепшы варыянт для міграцыі. Тут вельмі высокія падаткі, вялікія штрафы за парушэнне правілаў вулічнага руху і жорсткі паліцэйскі кантроль. Застаецца пачакаць, каб даведацца — ці спыніць гэта немцаў?