Маці палітвязня Яўгена Каханоўскага: Думаю, пасля гэтага ён перастане давяраць людзям

З Алесяй Каханоўскай мы міжволі сустракаемся ля той самай крамы «Суседзі» насупраць Палаца металургаў у Жлобіне, дзе ў жніўні 2020 года яе сына Яўгена Каханоўскага зафіксавалі камеры відэаназірання. Алеся з уздыхам гаворыць, што хлопец трапіў за краты таму, што аказаўся не ў тым месцы не ў той час, бо менавіта гэты факт стаў прычынай яго затрымання і крымінальнага пераследу.

alesja_kahanouskaja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas3_logo.jpg

Любіць бег, гуляе ў шахматы, чытае Біблію

— Хлопчык ён заўжды быў вясёлы, і на ўроках на яго сварыліся за тое, што ён жартуе. Настаўнікі пасля ўрокаў пакідалі ўвесь клас нібыта праз тое, што Жэня вінаваты. Потым яго рабяты спрабавалі біць. Таму я аддала яго на таэквандо. Гэта я была ў дзяцінстве баявая, нават з хлопчыкамі білася, а ён не хацеў біцца, — распавядае Алеся Каханоўская.

Але таэквандо хлопцу не надта зайшло, а вось з каратэ склалася лепш. Таксама Яўген займаўся бегам і штогод на Дзень металурга ў Жлобіне ўдзельнічаў у забегах. Спачатку ён бегаў з татам 5-кіламетровыя дыстанцыі, а потым, калі падрос, прабягаў ужо 10 кіламетраў — і заўжды быў у тройцы лідараў, атрымліваў каштоўныя прызы.

Як і ўсе ў яго сям’і, Яўген захапляецца шахматамі. Але нават гэтую дазволеную для перадач гульню ў наваполацкай калоніі, куды яго накіравалі адбываць 3,5 гады, у яго забралі. Таму цяпер амаль адзінае, што застаецца рабіць палітвязню, — гэта чытаць Біблію і пісаць вершы на тэму Бога. Алеся Каханоўская распавядае, што ў калоніі ён асабліва паглыбіўся ў гэтую тэму. А ўвогуле да Бога ён прыйшоў дзякуючы бабулі па татавай лініі — яна з дзяцінства вадзіла яго ў царкву, а дома і цяпер шмат кніг адпаведнай тэматыкі.


Няўдала схадзіў у краму

Яўген Каханоўскі вучыўся ў вучылішчы на электрамеханіка па халадзільным абсталяванні, але вучобу не скончыў — Алеся кажа, што сыйшоў праз канфлікт з выкладчыкамі. Калі хлопцу споўнілася 18 гадоў, паехаў на заробкі ў Маскву. Бацькі нічога пра гэта не ведалі. Алеся Каханоўская гаворыць, што была супраць гэтага, бо ведае гісторыі, калі людзей там падманвалі ці яны проста знікалі. Але Яўген — з тых, хто нягледзячы ні на што зробіць па-свойму. Калі сын, які тэлефанаваў кожны дзень, перастаў выходзіць на сувязь, маці знайшла яго ў сацсетках і прыгразіла, што будзе звяртацца ў міліцыю, калі той не аб’явіцца. Тады Яўген ёй патэлефанаваў і сказаў, што паехаў у Маскву.

На шчасце, для хлопца ўсё склалася добра, і ён шмат чаму навучыўся. Вярнуўшыся на радзіму, працаваў на будоўлях у пасёлку ля Жлобіна, мог рабіць любыя працы. Займаўся гэтым да самага затрымання.

— Ён працаваў пяць дзён на тыдзень, а на выходныя прыязджаў да сваёй дзяўчыны ў Жлобінскі раён. А ў той дзень (10 жніўня 2020 года. НЧ) пасварыўся з ёй і прыехаў у горад. Я нават не ведала, што ён тут. Ну і схадзіў у гэтую краму няўдала, — указвае Алеся на краму «Суседзі», якая бачная з акна кавярні, дзе мы размаўляем.


alesja_kahanouskaja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas1_logo.jpg

Яўгена затрымалі 26 жніўня толькі таму, што яго зафіксавалі камеры відэаназірання ў краме. А на наступны дзень па тэлеканале СТВ паказалі «пакаяльнае відэа», дзе хлопец прызнаецца ў тым, што ўдзельнічаў у беспарадках ля Палаца металургаў, кідаў камяні ў міліцэйскі транспарт.

— Я тады была на працы, мне пазваніла суседка і сказала, што яго паказваюць па тэлевізары. Я кажу: «Да ты што?» Я была ў шоку, калі адкрыла гэтае відэа. У мяне была істэрыка. Я сама юрыст і разумею, што прызнанне — гэта ўсё.

Так Алеся даведалася, што яе сына затрымалі. Толькі праз два дні яна змагла перадаць сыну перадачу.


«На відэа быў зусім іншы хлопчык»



alesja_kahanouskaja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas2_logo.jpg


— Ужо з СІЗА 5 верасня ён мне даслаў ліст, дзе напісаў: мама, не перажывай, я ні ў чым не вінаваты, мяне хутка адпусцяць. Нам тады прадаставілі бясплатнага адваката, я патэлефанавала ёй, а яна мне сказала: «Ну ён жа ва ўсім прызнаўся».

Калісьці Алеся Каханоўская працавала ў судзе сакратаром па крымінальных справах. Яна шмат разоў бачыла, якія жорсткія прысуды выносілі маладзёнам па «наркатычным» артыкуле 328, але не вытрымала гэтай несправядлівасці і звольнілася. І цяпер, калі яе сын трапіў пад крымінальны пераслед, у яе пачалася паніка. Яна знайшла адваката з Гомеля, але ён не адразу змог трапіць да Яўгена. Алеся кажа, што сустрэчу адмыслова зацягвалі — каб прайшлі пабоі пасля допытаў.

— Калі адвакат да яго трапіў, у яго засталася толькі ранка на назе. А потым мяне выклікалі ў пракуратуру і паказвалі ў раздрукаваным выглядзе мае размовы з адвакатам, — успамінае Алеся.

Яўгену Каханоўскаму прад’явілі абвінавачанне па падзеях 9-13 жніўня па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). А перад самым судом стала вядома, што яму таксама інкрымінуюць гвалт у дачыненні да сілавікоў (арт. 364 КК).

Справу палітвязня разглядалі на адным працэсе з яшчэ адным жлобінскім палітвязнем Дзмітрыем Гоптам, які мае асаблівасці псіхічнага развіцця. Абодвух хлопцаў асудзілі да зняволення: Дзмітрыя да 2 гадоў, Яўгена да 3,5.



Яўген Каханоўскі сваёй віны не прызнаў. На судзе ён паведаміў, што прызнанне віны на камеру было зроблена пад ціскам: на яго крычаў, ціснуў і ўдарыў супрацоўнік крымінальнага вышуку Кісялёў. Калі ён нешта казаў, што не падабалася міліцыянтам, яны давалі яму ў карак. Каб яго не білі, ён агаворваў сябе і іншых асобаў. Падчас допыту яго прымусілі сказаць, што разам з натоўпам ён крычаў «Жыве Беларусь». Казаў, што кінуў камень у міліцэйскі транспарт, што нейкі мужчына падыйшоў да яго, даў 25 рублёў і сказаў шпурляць у міліцыянтаў камяні.

— На судзе паказвалі відэа (з пратэстаў. — НЧ), але ў мяне не было магчымасці сказаць слова. На тых відэа быў зусім іншы хлопчык, які крычаў, — зазначае маці палітвязня.


Пра моцны характар і шлях у таксі

alesja_kahanouskaja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas5_logo.jpg


Да суда ёй так і не дазволілі ўбачыцца з сынам. Пасля прысуда жанчына некалькі разоў ездзіла ў гомельскі СІЗА, каб трапіць на спатканне, але не атрымлівалася — чарга. Нарэшце аднойчы яна ўзяла квіток на апошні дызель, які прыехаў у Гомель а палове на дванаццатую ночы, села на лаўку каля СІЗА і чакала да раніцы. У той дзень яна змагла паразмаўляць з Яўгенам дзве гадзіны. У сына ў вачах стаялі слёзы.

Нягледзячы на прыродную мяккасць, у Яўгена моцны характар, бо перад вачыма заўжды быў прыклад маці.

— У нас з ім заўжды былі вельмі давяральныя адносіны. Ён глядзеў на мяне і стараўся быць такім жа. Я, можа, і хацела б быць слабой, але, шчыра кажучы, у мяне не атрымаецца. Я не ведаю, як гэта, — прызнаецца Алеся.

Яна — з тых, хто не прывык сядзець на адным месцы і адступаць перад цяжкасцямі. Пра сябе яна кажа: «Бачу мэту, не бачу перашкодаў».


alesja_kahanouskaja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas6_logo.jpg


Калісьці Алеся адвучылася на прадаўца, затым трапіла на працу ў «Еўраопт», дзе даводзілася па 16 гадзін праводзіць на нагах. Пасля гэтага на гандлі яна паставіла крыж. Але з дзяцінства Алеся захаплялася шытвом і рукадзеллямі. Яна, самавучка, шыла для сябе і не толькі. Гэта падштурхнула яе пайсці ў вучаніцы, і праз паўгода яна атрымала разрад. Уладкавалася ў мэблевую краму, дзе працавала на цяжкіх машынках. Дасягнула прафесіяналізму, але не падабалася праца пяць дзён на тыдзень, і жанчына ўладкавалася ў прыватную фірму. Дзяўчаты, з якімі яна працавала, адшывалі па 20 вырабаў за змену, а Алеся па сваёй тэхналогіі рабіла 30.

— Я падумала, чаму я павінна працаваць на чужога дзядзьку? І вырашыла адкрыць сваю справу.

Алеся скончыла курсы ІП, напісала бізнес-план для атрымання субсідыі. Але зразумела, што гэтых грошай ёй не хопіць, каб купіць новае абсталяванне (былое ў выкарыстанні браць не дазвалялася). Пачакаць з адкрыццём ІП, каб падзбіраць грошай, таксама не дазволілі.

— Са мной тады вучыліся хлопцы-таксісты са Светлагорска. Яны сказалі мне: ідзі ў таксі — прыбытковая справа.


alesja_kahanouskaja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas8_logo.jpg


У Алесі была свая машына, ёй падпабалася ездзіць за стырном. Каб не аддаваць субсідыю, яна ўклала гэтыя грошы ў таксі: зрабіла капрамонт машыны, узяла таксометр, абклеіла аўто і адкрыла ІП у таксі. Ёй спадабалася, і ў гэтым бізнесе яна ўжо тры гады. Па словах жанчыны, спачатку праца была досыць расслабленай, але з часам заказаў станавілася ўсё больш.

— Я ўцягнулася, хоць і пасажыры розныя трапляюцца, да кожнага свой падыход. Аднойчы нават, не задумваючыся, стукнула аднаго па руках — ён быў п’яны і стаў хапаць падчас руху за пераключальнік перадач. Сама не разумею, як так адрэагавала, але ён супакоіўся. Так што на гэтай працы я стала яшчэ мацнейшай, — усміхаецца Алеся.






Пакуль мы размаўляем, з ёй вітаецца з дзясятак чалавек — як кіроўцаў, так і пешаходаў. «Усе таксісты, за столькі гадоў усе адно аднаго ведаем», — тлумачыць жанчына.


«Калі б сама трапіла ў калонію, таксама сядзела б у карцары»

Пагаварыўшы з Алесяй, разумееш, на каго з дзяцінства раўняўся яе сын. Таму і не дзіўна, што цяпер у наваполацкай калоніі на Яўгена Каханоўскага працягваюць ціснуць. Лісты яму прыходзяць толькі ад блізкіх (а летам не прапускалі нават ад іх). У лістападзе на цэлы месяц вязня пасадзілі ў карцар. Нядаўна Алеся Каханоўская распавядала «Новаму Часу», што калі ён адтуль выйшаў, то стаў праяўляць характар і адмыслова парушаць правілы, бо вырашыў, што лепш будзе сядзець у карцары за штосьці, чым проста так. І як вынік з 25 снежня прынамсі да 31 студзеня палітвязень зноў правёў у карцары. Ці выйшаў ён адтуль, Алеся дасюль не ведае, бо не можа датэлефанавацца да калоніі.

— Ён не хоча пагаджацца з тым, што яго саджаюць ні за што. Я падумала, што, калі б сама трапіла ў калонію, напэўна, таксама сядзела б у карцары і не прымала б гэтую сітуацыю, — дзеліцца разважаннямі маці палітвязня.


alesja_kahanouskaja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas4_logo.jpg


Да яе дайшлі звесткі ад людзей, якія вызваляліся, што да «палітычных» у наваполацкай калоніі ствараюць цяжкія ўмовы, і персанал ставіцца да іх прадузята. Палітзняволеных пазначаюць жоўтымі біркамі, і праз гэта называюць «жоўтымі дзьмухаўцамі».

Алеся распавядае, што вельмі цяжка перажывала зняволенне сына, перыядычна былі істэрыкі. Але ўрэшце давялося браць сябе ў рукі, калі зразумела, што гэта ўплывае і на яе малодшую дачку, якой 12 гадоў.
Дзяўчынка ўвесь час плакала, у яе былі галавакружэнні.

— Калі быў Жэнеў званок, я дала ёй слухаўку, і яна расплакалася. Калі ён спытаў, чаму, яна сказала, бо сумуе па ім. У іх добрыя адносіны.

Для таго, каб не пускаць у галаву кепскія думкі, Алеся стала нагружаць сябе працай, брала дадатковыя змены — і станавілася трохі лягчэй. І па сёння гэты спосаб змагання са стрэсам для яе найбольш дзейсны. 
— Урэшце, мама сказала: «Алеся, ты сарвеш сабе сэрца. Хто будзе перадачы перадаваць?». У мяне,сапраўды, стала хапаць сэрца. І чым дапамогуць мае слёзы? Тады я вырашыла, што трэба перастаць зводзіць сябе, нічога гэтым не зменіш.



Загадала жаданне, каб паехаць з сынам на мора

Чаму яе сын увогуле трапіў у гэтую сітуацыю? Алеся Каханоўская міжволі стала задумвацца пра, так бы мовіць, магію лічбаў.
— 2.02.2022 для мяне быў вельмі няўдалы дзень. Я ледзьве не трапіла ў аварыю. А Жэня нарадзіўся 15 чысла ў 15.15. І неяк па жыцці ўвесь час ён аказваўся не ў той час не ў тым месцы. Ён заўжды застаецца крайнім. Напэўна, нядобра, калі лічбы супадаюць. Хаця — хто ведае?
Аднойчы я хадзіла ў царкву і падзялілася з матушкай (гісторыяй сына. — НЧ). Яна мне сказала: «А вы не задумваліся, што, магчыма, Бог збярог яго ад нечага больш сур’ёзнага?». Так, я пра гэта думала. Магчыма, гэта яго выратаванне.
Калі раней у маім жыцці здараліся цяжкасці, я запытвалася: «Чаму? За што?». А калі гэтая сітуацыя са мной здарылася, я зразумела: усё ранейшае давалася мне для таго, каб я магла стаць моцнай і вытрымаць цяперашняе выпрабаванне. Можа быць, так трэба было. Але спадзяюся, што Жэню гэта не зламае.

alesja_kahanouskaja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas7_logo.jpg

15 лютага Яўгену Каханоўскаму споўніцца 21 год. Адзінае, што хоча сказаць яму маці ў гэты дзень — што яна яго любіць. Але ён гэта і так ведае.
Пакуль сын за кратамі, Алеся ўжо рыхтуецца да яго вызвалення.
— Ён жыў на лецішчы, там стары дом. І я збіраю грошы, каб пачаць будаўніцтва, зрабіць фундамент, і каб ён прыйшоў і гэта ўсё працягнуў.  
Пытаюся ў Алесі, ці зняволенне неяк змяніла яе сына.
— Я думаю, пасля гэтага ён перастане давяраць людзям, — адказвае яна пасля паўзы. — Хлопцы, якія з ім былі ў той дзень (калі ён трапіў на камеры ў краме.— НЧ), сведчылі супраць яго ў судзе. І ўсе яны на волі.
Тым не менш маці палітвязня спадзяецца, што яе сын выйдзе з-за кратаў раней, чым прызначыла суддзя.
— У мяне сястра жыве ў Сочы, і я сёлета збіраюся на мора. Я на Новы год загадала жаданне, каб ён паехаў са мной, каб мы разам, Жэня і Ксюша (дачка. — НЧ) паехалі.
І хоць лісты ад несваякоў да Яўгена цяпер не даходзяць, вы ўсё ж можаце паспрабаваць прабіць сцяну і напісаць яму на адрас: 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, ПК №1.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева