Палітвязня Яўгена Каханоўскага больш за месяц трымаюць у карцары
Палітвязень са Жлобіна Яўген Каханоўскі, асуджаны на 3,5 гады зняволення, з 25 снежня знаходзіцца ў карцары наваполацкай калоніі.
Яўгена Каханоўскага адправілі ў наваполацкую калонію ў красавіку 2021 года. Як распавядае яго маці Алеся, да лістапада ўсё было нармальна: сын пісаў станоўчыя лісты, чытаў Біблію і сам прыдумляў біблейскія вершы. А потым на цэлы месяц трапіў у карцар.
— У сярэдзіне студзеня са мной звязаўся адзін хлопчык, які вызваліўся з гэтай калоніі. Ён распавёў, што ў карцары пастаянна адчыненая фортка, там не даюць ні падушкі, ні коўдры. І Жэня ў лістападзе правёў там месяц ні за што. І калі ён адтуль выйшаў, то стаў праяўляць характар і адмыслова парушаць [правілы. — НЧ]. Ён сказаў, што ведае, што робіць. Я так разумею, ён вырашыў, што лепш будзе сядзець у карцары за штосьці, чым проста так, — гаворыць жанчына.
25 снежня Яўген даслаў маці ліст, у якім напісаў, што яму прыйшла ад яе пасылка, якую ён яшчэ не адкрываў, бо яе прынясуць пасля абеду. І паабяцаў напісаць яшчэ адзін ліст адразу, як атрымае. Але так і не даслаў: як выявілася, хлопца забралі ў карцар.
— Учора (31 студзеня. — НЧ) мне гэта пацвердзіў супрацоўнік выхаваўчага атрада, калі я патэлефанавала. Я спытала пра пасылку, а ён адказаў: «Як ён яе атрымае, калі ён у карцары?» — распавядае маці палітвязня.
Вядома, за што — Алесі ніхто не паведаміў, сказалі толькі: «За парушэнні». На пытанне пра здароўе сына маці сказалі, што кожны дзень яго правяраюць дактары.
Жанчына распавядае, што пасля першага карцару ў лістападзе Яўген напісаў ёй цэлы спіс таго, што трэба яму даслаць у пасылцы: за час пакарання яго рэчы парасцярушвалі, не засталося нават кубка. Алеся сабрала рэчаў на 500 рублёў, 50 рублёў аддала за перасылку пасылкі, якую сыну так і не аддалі. Замест прысмакаў і новых рэчаў, клапатліва сабраных матчынымі рукамі, Яўген Каханоўскі атрымаў на Новы год халодныя металічныя пруты карцарнага ложка.
Алеся распавядае, што ў сына, як і ў яе, моцны характар, ён заўжды будзе стаяць да канца. Магчыма, праз гэтую ўпартасць яму ствараюць «асаблівыя ўмовы» ў калоніі. Так, Яўген Каханоўскі — выдатны шахматыст. Але па прыбыцці ў калонію ў яго забралі звычайныя драўляныя шахматы, дазволеныя правіламі.
З таго часу, як сына адправілі ў калонію, маці не далі з ім аніводнага спаткання.
— У жніўні я атрымлівала ад яго лісты, дзе ён пісаў: «Мама, ты чаму не пішаш? Можа быць, я таксама не буду пісаць?» Проста ўвесь ліпень яму не аддавалі лісты. Тады я праз дзяўчыну, якая ехала ў калонію на спатканне да мужа, папрасіла, каб майму сыну перадалі, каб напісаў заяву на спатканне 20 чысла. Купіла квіткі, але за тыдзень да 20 чысла мне прыходзіць ад яго ліст: «Мама, спаткання не будзе — у мяне парушэнне».
Хлопец, які званіў, сказаў мне, што там (у калоніі. — НЧ) — адны «шасцёркі». Хтосьці дзесьці нешта скажа — ужо начальства ведае. Мне таксама ў верасні ад Жэні званіў адзін мужчына і сказаў, што да «палітычных» там прадузятае стаўленне. Ён будзе паголены, а яму скажуць, што дрэнна паголены — парушэнне. Чапляюцца да ўсяго. Лісты аддаюць толькі ад блізкіх — мама, сястрычка, бабуля. Хаця людзі пішуць шмат.
Да Алесі таксама дайшла інфармацыя, што нібыта пасля ШІЗА Яўгена збіраліся змясціць у памяшканне камернага тыпу, а адтуль перавесці ў турму, бо хлопец «не становіцца на шлях выпраўлення». Але замест гэтага палітвязня працягваюць трымаць у карцары.
Нягледзячы на блакаду, вы можаце паспрабаваць напісаць вязню на адрас: 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, ПК №1.