Следства па справе журналіста-палітвязня Алега Груздзіловіча скончанае, неўзабаве адбудзецца суд

Зняволены журналіст Алег Груздзіловіч распавёў жонцы падчас спаткання, што следства па яго справе скончанае.

maxresdefault_132.jpg

Мар’яна Груздзіловіч учора, 31 студзеня, атрымала дазвол на спатканне з мужам, зняволеным карэспандэнтам «Свабоды» Алегам Груздзіловічам у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Мар’яна распавяла журналістам, што спатканне доўжылася адну гадзіну, размова адбывалася на Валадарскага — у пакоі для спатканняў праз шкло і з выкарыстаннем тэлефонных апаратаў.

«Алег добра выглядаў, быў у чыстай вопратцы, на праблемы са здароўем і якасць ежы не скардзіўся. Было бачна, што ён вельмі рады быў спатканню. Ён расказваў, што атрымлівае шмат лістоў ад родных, сяброў, знаёмых, з Беларусі і іншых краін».


Мар’яна Груздзіловіч распавяла таксама, што з размовы з мужам зразумела: расследаванне крымінальнай справы Алега Груздзіловіча ўжо скончанае і цягам двух тыдняў чакаецца яе перадача ў суд пракурорам.

Яна таксама распавяда, што ў СІЗА не прынялі кнігу, якую адправілі Груздзіловічу, — «1984» Джорджа Оруэла.


Праваабаронцы нагадваюць, што 23 снежня 2021 года людзі ў масках забралі Груздзіловіча з дому ў Мінску, выламалі дзверы. Алега ўзялі пад варту як падазраванага па крымінальнай справе «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (арт. 342 КК). Алег знаходзіцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску.

28 снежня 2021 года высветлілася, што Алегу ставяць у віну ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, калі яго як журналіста ўжо пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. Паводле наяўнай інфармацыі, журналіст сказаў следчаму, што віны за сабой не прызнае: ён не прымаў удзелу ў акцыі, а быў на ёй журналістам, вёў адтуль рэпартаж і, хоць ужо не меў акрэдытацыі, але на той момант быў пазаштатным супрацоўнікам газеты «Народная воля».