Алег Груздзіловіч з «Валадаркі»: «Кожны дзень бачу твар таты ў люстэрку»

Журналіст Алег Груздзіловіч працягвае расказваць з-за кратаў пра турэмны побыт. Свабода публікуе фрагменты яго ліста ад 11 студзеня да жонкі Мар’яны.

hruzdzilovicz.webp

Пра шпацыр

«Раніцай у нас была прагулка. Убачылі, што стаіць сонечнае надвор’е, паступова халадае, справа ідзе да хрышчэнскіх маразоў. Але снегу, відаць, няма, ці яго зусім мала. Мяркую па тым, што ў дворыках для прагулак зусім няма снегу, а толькі лёд на зямлі. Гуляць там не вельмі прыдатна, нават зусім не прыдатна, бо раскоўзалі лёд, як на хакеі.

Сёння хадзіў каля сценкі, дзе крыху захавалася бетону. Удалося прайсці 100 перыметраў, і гэта яшчэ рэкорд. Хлопцаў большасць увогуле тапталіся на адным месцы. Але затое хоць падыхалі марозным паветрам.

Разжыўся сёння іголкай з ніткай ды за 2 гадзіны ўшыў джынсы, якія апрануў, калі сюды збіраўся. Але яны расцягнуліся і спадалі. А цяпер стала лепш хадзіць на прагулкі».

Пра лазню

«Пасля абеду была лазня, дакладней душ з пяці душавых саскоў на 7 чалавек, бо адзін з нас ездзіў у суд і лазню прапусціў. Усяго на памыўку даецца хвілін 15, а сёння нават 20. За гэты час я паспеў памыцца (дзякуй за жоўтую класную мачалку), папраць бялізну і цяльняшку са шкарпэткамі ды павесіць іх на гарачую батарэю. Правісець паспелі хвілін 10, нават падсохлі. Адзіны мінус — бялізну не замянілі, абяцалі заўтра выдаць новыя прасціны і навалачку. Пацерпім».

Пра «атаварку»

«Сёння мусіла прыехаць да нас так званая „атаварка“, а не, яшчэ адно расчараванне, і да нас не дайшла. „Заўтра“.

„Атаварка“ — гэта і ёсць тое, што мы замаўляем на грошы, пакладзеныя на асабісты рахунак. Нас знаёмяць са спісам тавараў і цаной, запаўняеш адмысловую форму, і недзе праз тыдзень прывозяць тое, што ты замовіў, а патрачаныя грошы спісваюць. І гэтак два разы на месяц. Я замовіў рублёў на 50: канверты, паперу, нейкія прадукты, каву, згушчанку. Як атрымаю, напішу».

Пра кнігі

«Яшчэ заказаў у бібліятэцы кнігі, у тым ліку падручнікі па нямецкай мове на базе кнігі Рэмарка „Тры таварышы“ — нейкая найноўшая методыка. Я ж калісьці вучыў нямецкую, хачу крыху абнавіць веды. Ды і ўвогуле трэба, каб галава працавала, каб не расслабляўся.

Яшчэ заказаў некалькі мастацкіх кніг. Пагляджу, ці дадуць. Збольшага ў камеры каля 20 кніг, стопка часопісаў, у тым ліку „Вокруг света“, што я вельмі люблю. Таксама ёсць пару кніг па-беларуску, іх таксама чытаю».

«P. S. Заўтра, 12 студзеня, будзе 40 дзён, як памёр дзядуля Толя (бацька Алега. — РС). А я ж планаваў паехаць у Берасце, пасядзець за памінальным сталом. Кожны дзень бачу твар таты ў люстэрка: калі я без вусоў, дык вельмі падобны».

 

Пераслед Алега Груздзіловіча

16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў мінскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камеры відэаназірання на паверсе і выламалі трое дзвярэй у офісе. Канфіскавалі тэхніку. Таксама з ператрусам прыйшлі да Алега Груздзіловіча, якога пазалетась пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачанняў тады не выставілі.

Алега Груздзіловіча затрымалі паўторна 23 снежня і замянілі яму меру стрымання з абавязання яўкі на ўтрыманне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Мінску на вуліцы Валадарскага. 28 снежня прайшоў першы допыт Груздзіловіча. Следчыя выставілі яму абвінавачанне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх.