У лісце на волю Алег Груздзіловіч напісаў пра побыт на Валадарцы і тое, што падзяляе сукамернікаў

«Выходжу на раней невядомыя дыстанцыі няволі. Нічога, усё нармальна, хаця шкада змарнаванага часу. Столькі можна было б зрабіць, але мушу бібікі біць!», — напісаў журналіст «Свабоды» Алег Грузділовіч з-за кратаў.

08810000_0a00_0242_2030_08d9d43d4580_w1023_r1_s.webp

Следчыя выставілі Алегу Груздзіловічу абвінавачанне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Алег Груздзіловіч больш за два тыдні знаходзіцца ў следчым ізалятары № 1 Мінску.

Пра сваю справу

«Пра справу пакуль нічога новага, руху няма, — напісаў ён у адным з лістоў жонцы. — Зрэшты, гэтак і чакаецца, што нейкі час пойдзе на збор доказаў. Абвінавачанне ўжо выстаўленае, цяпер могуць з часам цягнуць, а потым зноў паўтараць. Але я з гэтым не замарочваюся, тут усе ў такім становішчы».

Пра калядную вячэру ў турме

«Новы год прайшоў, сёння ўжо 6-га, вечар. Хлопцы гатуюць салату на святочную вячэру. Місак у нас няма ніякіх, толькі конаўкі, але прыстасаваліся дзяліць агуркі, таматы, перац на кавалкі і ўсё загружаць у паліэтыленавы пакет, заправілі тваім аліўкавым алеем. Будзе смачна.

І вось працяг, пішу ўжо 7-га студзеня, сяджу на сваім 2-м ярусе, а хлопцы ўнізе рэжуцца ў нарды. Ужо была прагулка. Праўда, далі цесны дворык, усяго 2,5×2,5, амаль немагчыма было хадзіць. Я танчыў на месцы і мурлыкаў let it snow... як ад цябе навучыўся».

Пра Казахстан

«Даведаўся з „СБ“ пра падзеі ў Казахстане. Гэта табе не РБ, гарачыя хлопцы. Што ж будзе далей?»

Фрагмент ліста Алега Груздзіловіча

Фрагмент ліста Алега Груздзіловіча

Пра марнаванне часу

«Учора было 2 тыдні, як я пад вартай, а сёння ўвечары перайду рубеж 15 дзён, якія былі ў Баранавічах. То-бок выходжу на раней невядомыя дыстанцыі няволі. Нічога, усё нармальна, хаця шкада змарнаванага часу. Столькі можна было б зрабіць, але мушу бібікі біць! Яшчэ Леў Талстой пісаў ува „Уваскрасенні“, што праблема расійскіх турмаў — „праздность“. Гэта так».

Пра ежу ў турме

«Ядуць свае кашкі, асабліва любяць грэчку, закусваюць салам ці каўбаскай з гароднінай. Потым садавіна. Салодкага неяк менш ядуць — зефіры попытам не карыстаюцца (дарэчы, захацелася кукурузных шматкоў. Іх можна перадаць).

З ядой — вось так. Свой запаснік мець можна, але з практычных прычын у ім застаецца печыва, цукеркі, гарбата-кава. А мясныя стравы, рыбу, садавіну, гародніну захоўваюць бліжэй да халоднага вакна. Туды лазяць арганізавана.

Ну і пірагі, смачныя булкі і г. д. адразу кладуцца на стол і пад бліжэйшую гарбату з’ядаюцца. Гэта добра, бо спрыяе міру і сяброўству. Насуперак рознаму бэк-граўнду».

Пра турэмны туалет

«Можна 2 словы пра туалет? Лепш, чым я думаў раней і чым было там, дзе быў раней.

Па-першае, натуральна, унітаз. Па-другое, шырма.

Правілы такія: уключаецца вада ўмывальніка (для гашэння дрэнных гукаў) і бярэш запалкі ды паліш іх, альбо нават туалетнай паперы кавалачак. Ёсць правіла, што калі ядуць, то туалетам не карыстаюцца».

Фрагмент ліста

Фрагмент ліста

Пра сукамернікаў

«Гэта ўжо вечар 8-га студзеня. Яшчэ адзін дзень прайшоў, 18-ы. Раскажу крыху пра маіх сукамернікаў, наколькі можна. Усяго нас (? — замазана) і гэтая лічба дзеліцца дакладна напалам з улікам цяперашняга часу. Адзін з нашай паловы цяпер ездзіць у суд, вельмі перажывае, што страціць бізнес. Яшчэ адзін, мой калега, тут амаль год. А трэці — 3 месяцы. Ён праграміст. Шмат у якіх краінах пабываў, сёння расказаў, як з жонкай вандраваў па Інданезіі. У Азіі яму спадабалася, ездзілі на Балі на байку.

А вось з другой паловы — гэта 328, хлопцы своеасаблівыя. Вось толькі што адзін з іх спытаў, «а Англія далёка ад Брытаніі?!!» Мы грохнулі ад рогату.

Хлопцы гэтыя, бачу, выраслі на фільмах пра вампіраў і кнігах пра ваўкалакаў. Шкада іх, ім свецяць вялікія тэрміны. Яны не падаюць знаку, храбрацца, смяюцца, бо маладыя, але бачна, што гэта іх знутры вельмі ўсё ж прыгнятае. Бо раптам здараюцца выкіды эмоцый... Але паміж намі, як той казаў, «усё роўна», тым больш мы старэйшыя за іх, да канфліктаў не даходзіць.

Фрагмент ліста

Фрагмент ліста

Пра тое, што падзяляе сукамернікаў

«А вось, што сапраўды падзяляе, гэта тое, што адна палова курыць, другая — не, і ты ведаеш, якая. Але сказаў бы, што асабліва гэта не замінае. Яны кураць у кабінцы-прыбіральні, за шырмай. А там зверху выцяжка. Увесь дзень у нас адчынена вакно, то-бок паветра ў асноўным добрае ці нядрэннае. Калі на прагулку выходзім, таксама спачатку даводзіцца глытнуць крыху дыму, бо адразу запальваюць свае цыгаркі, але потым дым падымаецца і нічога. Сёння гулялі ў нармальным дворыку 3×5, я зрабіў 150 абходаў. Не было хмар, неба чыстае, але сонца не пабачылі. Яно нізка, а мы ў яме».

 

Малюнак Алега Груздзіловіча ў лісце жонцы

Малюнак Алега Груздзіловіча ў лісце жонцы

Пераслед Алега Груздзіловіча

16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў мінскі офіс Свабоды, вырвалі камеры відэаназірання на паверсе і выламалі трое дзвярэй у офісе. Канфіскавалі тэхніку. Таксама з ператрусам прыйшлі да Алега Груздзіловіча, якога пазалетась пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачанняў тады не выставілі.

Алега Груздзіловіча затрымалі паўторна 23 снежня і замянілі яму меру стрымання з абавязання яўкі на ўтрыманне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 снежня прайшоў першы допыт Груздзіловіча. Следчыя выставілі яму абвінавачанне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

 Паводле «Свабоды»