«Я не здамся без бою». Аднавілася сувязь з палітвязнем Аляксандрам Фядутам
Пасля даволі доўгага перапынку паволі наладжваецца паштовая сувязь з вядомым вучоным-філолагам, журналістам, палітолагам Аляксандрам Фядутам, якога ў красавіку мінулага года беларускія спецслужбы затрымалі ў Маскве, вывезлі ў Мінск і абвінавацілі ў арганізацыі змовы супраць Аляксандра Лукашэнкі. Пра цяпершнія справы палітычнага зняволенага распавяла «Народная Воля».
У снежні палітвязня перавялі з «Амерыканкі» ў СІЗА №1 на Валадарцы, пасля чаго ў перапісцы пачаліся перабоі.
У СІЗА Аляксандр Фядутач абвясціў «медыкаментозны страйк» — адмовіўся прымаць жыццёва неабходныя лекі, патрабуючы, каб яму вярнулі
рукапісы з каментарыямі да рамана «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра
Караткевіча. Гэта вельмі непакоіла родных, сяброў, калег… Стала вядома, што
стан здароўя Фядуты істотна пагоршыўся, нават давялося ставіць яму кропельніцы,
абвастрылася падагра, таму перасоўвацца па камеры ён мог толькі пры дапамозе
таварышаў па няшчасці.
І вось нарэшце стала вядома: Фядута скончыў «страйк».
«Лекі я прымаю з 5 снежня, — напісаў ён у лісце. — Што тут падзейнічала — пісьмы жонкі, мая
перапіска са святарамі, угаворы сукамернікаў ці песня Вакарчука «Я не здамся
без бою», — не ведаю. Але ў сукупнасці вынік ёсць. Сукамернікі здзіўлена
глядзяць на рознакаляровую прыгаршчу таблетак і думаюць: што горш — калі я іх
не піў, ці калі я іх пачаў піць нанова?
Адвакатка пасля чарговага спаткання са сваім падабаронным
заўважыла, что ён стаў выглядаць лепш, відавочна, што лекі дзейнічаюць.
Трэба адзначыць, што, нягледзячы на ўсю спрэчнасць акцыі,
«страйк» усё ж такі даў плён: следчы паабяцаў, што рукапісы вучонаму вярнуць,
калі ён будзе знаёміцца з матэрыяламі справы.
Фядута не губляе сваіх фірмовых іроніі і пачуцця гумару: «Аднак выявілася яшчэ адна заканамернасць: чым лепей я сябе адчуваю, тым менш мне шанцуе падчас гульні ў нарды. І наадварот. Нарды нагадваюць мне пра шчаслівыя часы працы ў «БДГ», калі партыя з Пятром Паўлавічам Марцавым ператваралася ў абмеркаванне партрэта чарговага, сёння ўжо незваротна забытага, палітыка. Файныя былі часы!»