Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд палітвязню Міколе Дзядку

Апеляцыйную скаргу Міколы Дзядка разглядала сёння, 25 студзеня, судовая калегія Вярхоўнага суда.

miloka_dziadok_90.jpg

25 студзеня 2022 года Вярхоўны суд разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд палітзняволенага Міколы Дзядка, паведамляюць праваабаронцы.

Прысуд 33-гадоваму палітзняволенаму блогеру, журналісту НЧ і актывісту анархічнага руху вынеслі ў Мінскім гарадскім судзе 10 лістапада.

Суддзя Анастасія Папко прызнала яго вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342,арт. 361,арт. 295-3і прызначыла пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрашваў пракурор Антон Цюменцаў. Мікалай не прызнаў віну ні па ніводным артыкуле.

Апеляцыйную скаргу Міколы Дзядка разглядала судовая калегія Вярхоўнага суда, у якую ўваходзілі суддзі Уладзімір Давыдаў, Андрэй Кавальчук і Мікалай Грынцэвіч. У паседжанні прыняў удзел пракурор Генеральнай пракуратуры Андрэеў. Калегія пакінула скаргу без задавальнення, а прысуд — без зменаў.

У апеляцыйнай скарзе Мікола Дзядок не аспрэчваў тое, што размяшчаў артыкулы ў створаным ім тэлеграм-канале і ўдзельнічаў у масавых мерапрыемствах, але падкрэсліў, што гэтым не меў намеру шкодзіць нацыянальнай бяспецы Беларусі, а рэалізоўваў свае правы на свабоду выказвання меркавання і свабоду мірных сходаў. Ён выказаў упэўненасць, што ў справе адсутнічаюць доказы, якія пацвярджалі б ягоную віну. Тлумачальная запіска ж да бутылкі з гаручай сумессю не ўтрымлівае ягоны подпіс, што пацвярджае фальсіфікацыю доказаў. Таксама падчас суда ён заявіў пра катаванні і збіццё пасля затрымання.

У скарзе Мікола Дзядок заўважыў, што суд не ўлічыў нормы Міжнароднага права пры вынясенні прысуду.

"Пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі належным чынам не абругнтаванае, а само пакаранне з'яўляецца несуразмерным", — адзначыў Дзядок у скарзе.

Адвакатка адзначыла выбарчую ацэнку судом вынікаў лінгвістычнай экспертызы, заўважныя супрацьлегласці ў іх, а таксама тое, што паказанні Дзядка былі вымушаныя і даваліся пасля катаванняў. Таксама абаронца адзначыла недаказанасць эпізодаў, шэраг супярэчнасцей і недапушчальныя доказы ў справе. Таму яна папрасіла адмяніць прысуд і спыніць вытворчасць па крымінальнай справе.

Калегія пакінула скаргу без задавальнення, а прысуд — без зменаў. Гэта значыць, што ў хуткім часе Мікола Дзядок будзе этапаваны ў калонію адбываць пакаранне тэрмінам на пяць год.