Сябар прэс-сакратара А1 на волі. А што з самім Мікалаем Брэдзелевым?
Як стала вядома «Нашай Ніве», выйшаў на волю адвакат Аляксей, якога 10 снежня затрымлівалі ў адным памяшканні з прэс-сакратаром А1 Мікалаем Брэдзелевым. Праз некалькі дзён пасля затрымання родныя Мікалая расказалі, што яму далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Далей пра яго з'яўлялася супярэчлівая інфармацыя.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» 30 снежня прызнаў Мікалая Брэдзелева палітвязнем і ў сваёй заяве адзначаў, што прэс-сакратар А1 знаходзіўся ў ізалятары. Хоць на той момант 15 сутак ягонага арышту павінны былі скончыцца (інфармацыі пра новыя прысуды і суткі не было).
19 студзеня, калі з'явілася інфармацыя пра магчымыя вобшукі
ў офісе А1, партал dev.by паведамляў, што Мікалай Брэдзелеў знаходзіцца ў
СІЗА-1 у Мінску. Але ў якім статусе і па якім артыкуле, таксама не было вядома.
Адразу пасля затрымання смеццевыя тэлеграм-каналы кінуліся
абмяркоўваць інтымнае жыццё Мікалая, а з вуснаў чыноўнікаў паліліся агульныя
абвінавачванні кампаніі А1 у нібыта злівах нейкіх даных.
Як стала вядома, на волі ўжо знаходзіцца
адвакат Аляксей, гэтую інфармацыю пацвердзілі яго сваякі. Менавіта адвакат і быў мэтай сілавікоў у той дзень. Мікалая
Брэдзелева затрымалі «за кампанію».
Пры гэтым лагічную выснову, што на волі і Брэдзелеў, пацвердзіць не ўдаецца — сваякі прэс-сакратара А1 адмаўляюцца хоць неяк адказваць на гэтае пытанне, не пацвярджаючы і не абвяргаючы інфармацыю, што яго вызвалілі.