Медыкаменты не прынялі, у ШІЗА да пятніцы. Хвораму палітвязню Яўгену Бароўскаму не аказваюць дапамогі

Палітвязень Яўген Бароўскі, якога асудзілі на 4 гады зняволення, моцна захварэў у калоніі, але належнай медыцынскай дапамогі яму не аказваюць.

photo_2021_09_01_21_26_08_1_1.jpg

Як раней паведамляў «Новы Час», па прыбыцці ў ПК-15 Яўгена Бароўскага адразу змясцілі ў ШІЗА «для прафілактыкі», пазбавілі перадачы і спаткання. Пасля напісання скаргі спатканне адбылося, але перадачы так і не было.

Па словах жонкі палітвязня, яму даводзіцца працаваць з тэмпературай 38-39, Яўгена Бароўскага не паклалі ў лякарню, якая размешчана на тэрыторыі ПК, і ўвогуле ніякіх захадаў прынята не было.

Цяпер Вераніка Бароўская распавяла «НЧ», што яе муж застанецца ў ШІЗА, як мінімум да пятніцы.

«Пасля майго візіту ў ПК-15 наконт перадачы медыкаментаў для мужа, мы атрымалі адмову — кажуць, заява на разглядзе. У мужа тэмпература 38-39, пры гэтым замест лячэння яны адправілі яго ў ШІЗА. І цяпер, мяркую, яго стан толькі пагаршаецца», — паведаміла дзяўчына.

Палітвязню Яўгену Бароўскаму 2 красавіка прысудзілі 4 гады калоніі агульнага рэжыму. Хлопца абвінавацілі ў тым, што 11 кастрычніка мінулага года ў раёне метро «Пушкінская» ён і яшчэ трое мужчын перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, уступілі з імі ў бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі. Хаця, як адзначалася, на прадастаўленых відэа бачна, што Яўген стаіць убаку ад амапаўцаў.

За тры дні да прысуду Яўген і яго дзяўчына Вераніка пабраліся шлюбам у СІЗА №1 на Валадарскага. Гісторыю іх кахання можна пачытаць тут.