Жыхару Гарадзенскага раёна далі два гады «хіміі» за каментар. Летась яго судзілі за «Пагоню» на вясковым доме

Два гады «хіміі» прысудзілі жыхару Гарадзенскага раёна за каментар «дз@рмо» ў адрас кобрынскага падпалкоўніка.

a2_2.jpg

Як распавядаюць праваабаронцы, у судзе Гарадзенскага раёна 25 студзеня разглядалася крымінальная справа Пятра Анісімовіча, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу. У якасці пацярпелага выступаў на той момант намеснік начальніка Кобрынскага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадрах падпалкоўнік міліцыі Віктар Турчыновіч.

Згодна з абвінавачаннем, Анісімовіч у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» пакінуў пад фотаздымкам пацярпелага і яго дадзенымі каментар «дзярмо».

Свае маральныя пакуты ад гэтага каментара пацярпелы падпалкоўнік ацаніў у 1000 рублёў.

У выніку, суддзя Жанна Сафарэвіч прысудзіла абвінавачанаму два гады «хіміі» і пастанавіла выплаціць 1000 рублёў маральнай кампенсацыі міліцыянту.

Адметна, што ў мінулым годзе Пятра Анісімовіча таксама судзілі, але па адміністрацыйнай справе. Тады яго аштрафавалі на 100 базавых велічынь за шыльду з «Пагоняй», што 5 гадоў правісела на яго доме.