Да палітвязня Мацкевіча, які пачаў сухую галадоўку, не дапусцілі лекара і пастара

Пра гэта ў час анлайн-канферэнцыі заявіла дачка палітвязня Надзея Лучанок. Мацкевіч ад сёння перайшоў на сухую галадоўку.

filosaf_u_turme_1.png


«Так і не дапусцілі пастара і лекара, нягледзячы на патрабаванні. У нас засталося мала часу на якія-кольвек дзеянні. Усе яго патрабаванні законныя, рэальныя і выканальныя. Мы патрабуем неадкладнага рэагавання ад Следчага камітэту. Мой бацька заўсёды ідзе да канца і застаецца верным сваім словам. Уся адказнасць за здароўе і жыццё ляжыць на кіраўніцтве СІЗА, якое фактычна ёсць закладнікам дзеянняў Следчага камітэту. Смерць Уладзіміра Мацкевіча не патрэбна нікому. Філосаф ён для ўсіх — для ўсіх беларусаў», — сказала Надзея Лучанок.

Увечары 3 лютага палітвязень пачаў галадоўку, патрабуючы змены меры стрымання на не звязаную са зняволеннем, завяршэння следства ў ягонай справе і прызначэння даты суду. Ён паведамляў, што першыя дзесяць дзён «будзе галадоўка на вадзе», а калі па сканчэнні гэтага тэрміну патрабаванні не выканаюць, тады гатовы перайсці да «сухой галадоўкі».

Як вядома ягоным паплечнікам, 15 лютага Уладзімір Мацкевіч перайшоў на сухое галадаванне, перастаў піць ваду.

Петыцыя за выкананне патрабаванняў Мацкевіча сабрала больш за 5 тысяч подпісаў.

65-гадовага Уладзіміра Мацкевіча затрымалі ў жніўні 2021 года. Яго вінавацяць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак. Ён сядзіць у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем.