Хрысціянскія актывісты патрабуюць, каб да Мацкевіча, які галадае, дапусцілі пастара
У сваёй заяве сябры групы запатрабавалі выканання элементарных правоў грамадзяніна, у тым ліку доступу да неабходнай рэлігійнай літаратуры, у першую чаргу да Святога Пісання, а таксама магчымасці наведвання Мацкевіча пастарам для аказання духоўнай дапамогі.
Мацкевіч трымае галадоўку з 4 лютага. «Хрысціянская візія» адзначае, што гэта ўжо не першая галадоўка палітвязня.
«У 2006 годзе ён падтрымаў пост-галадоўку вернікаў поўнаевангельскай царквы “Новае жыццё”, стаўшы яе натхняльнікам і ўдзельнікам. Такі радыкальны спосаб пратэсту супраць пераследу стаў для вернікаў апошняй магчымасцю абараніць царкоўны будынак, пераабсталяваны з кароўніка. У выніку галадоўкі ў 2006 годзе і дзякуючы шырокай кампаніі хрысціянскай і грамадскай салідарнасці, царкоўнай супольнасці ўдалося адстаяць будынак, які ўлады спрабавалі ў яе канфіскаваць», — адзначаецца ў заяве.
Уладзімір Мацкевіч з’яўляецца актыўным дзеячом хрысціянскай супольнасці Беларусі з 2000 году. «Вера адыгрывае важную ролю ў яго асабістым і грамадскім жыцці. Будучы прыхільнікам рэфармацкага кірунку пратэстантызму, Мацкевіч напісаў пра яго заснавальніка Жана Кальвіна артыкул для “Найноўшага філасофскага слоўніка”. Тэма хрысціянства, хрысціянскіх прынцыпаў і ўладкавання грамадства на хрысціянскіх асновах — адна з галоўных у філасофскіх тэкстах, публіцыстыцы, публічных выступах Уладзіміра Мацкевіча. Ён з’яўляецца аўтарам “Дактрыны беларускага кансерватызму”, якая была часткова прынята аргкамітэтам БХД у якасці яе ідэалагічнай асновы», — падкрэсліваюць аўтары дакумента.
Нагадаем, Уладзімір Мацкевіч быў арыштаваны 4 жніўня 2021 года. Ужо паўгода ён знаходзіцца пад арыштам па абвінавачанні ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ). Як паведамлялася раней, за ўвесь гэты час, за выключэннем фармальнага прад'яўлення абвінавачання і нязначных фармальных следчых дзеянняў, ніякага руху ў разглядзе справы Уладзіміра Мацкевіча, па сутнасці, не адбывалася, у тым ліку не было прад'яўлена ніякіх фактаў, якія абгрунтоўваюць абвінавачанне. Рэальнай прычынай зняволення паплечнікі палітвязня лічаць публічныя выказванні Уладзіміра Мацкевіча пра грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне.
Філосаф адмовіўся ад ежы з 4 лютага і плануе галадаць да выканання патрабаванняў. Плануецца, што першыя дзесяць дзён гэта будзе галадоўка на вадзе. У выпадку невыканання патрабаванняў, па заканчэнні 10 дзён ён пяройдзе да сухой галадоўкі.