Германія, ЕС і ЗША маюць намер падтрымліваць незалежныя СМІ Беларусі

З нагоды дня салідарнасці з беларускімі медыя еўрапейскія і амерыканскія службовыя асобы выступілі са словамі падтрымкі Беларусі.

pressa_12102020.jpg


У дыпмісіі Германіі нагадалі, што на сёння 33 прадстаўнікі медыясферы знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі за тое, што выконвалі сваю працу.

«Крытычнае асвятленне падзей — не злачынства, гэта асноўная перадумова для дэмакратыі. Усе несправядліва затрыманыя павінны выйсці на волю. Улады Беларусі спрабуюць прымусіць замаўчаць незалежныя СМІ, выкарыстоўваючы ператрусы офісаў і кватэр, канфіскацыю абсталявання, блакаванне інтэрнэт-рэсурсаў і прызнанне каналаў і арганізацый СМІ “экстрэмісцкімі”. Ім гэта не ўдасца. Германія працягне падтрымліваць незалежныя СМІ Беларусі», — гаворыцца ў заяве амбасады, паведамляе REFORM.by.

«Дзякуй Святлане Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай, Паўлу Латушку і многім іншым за вашу нястомную актыўнасць і штодзённую мужнасць у барацьбе за свабодную, дэмакратычную, бяспечную і суверэнную Беларусь. Вы не самотныя ў гэтым», — напісала ў Twitter міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербок.

ЗША пацвярджаюць падтрымку незалежных СМІ і беларускага народа, які варты лепшай будучыні. Пра гэта на прэс-канферэнцыі з нагоды дня салідарнасці з Беларуссю заявіла спецпасланніца ЗША па нашай краіне Джулі Фішэр. Яна адзначыла, што ў Беларусі працягваецца палітычнае супрацьстаянне, з'яўляюцца новыя палітвязні, у тым ліку сярод журналістаў, не зніжаецца ціск на незалежныя СМІ.

«Амаль кожны дзень мы чуем, як улады прызнаюць экстрэмісцкімі медыя, уносячы іх у спіс, у якім сёння знаходзяцца практычна ўсе буйныя незалежныя СМІ і многія менш буйныя. Кожны дзень рэжым Лукашэнкі працягвае нападаць на незалежныя СМІ, галасы, якія распавядаюць беларусам і свету праўду пра тое, што адбываецца ў краіне. Гэтыя намаганні выдаліць праўду і тых, хто яе кажа, пацерпяць няўдачу, як гэта адбылося ў ХХ стагоддзі», — сказала яна.

Джулі Фішэр нагадала, што Святлана Ціханоўская заклікала прысвяціць дзень салідарнасці з Беларуссю падтрымцы незалежных СМІ. ЗША салідарныя з журналістамі і падтрымліваюць іх права рабіць сваю працу, свабодна выказваць сваё меркаванне. Спецпасланніца адрасавала ўладам Беларусі напамін аб наяўнасці ў іх міжнародных абавязацельстваў абараняць фундаментальныя свабоды: свабоду сходаў, выказвання меркаванняў і прэсы.

«Моцныя незалежныя СМІ і доступ да інфармацыі — умовы для вяршэнства права і абсалютна неабходныя для паспяховага росквіту сучаснага грамадства. Народ Беларусі заслугоўвае лепшай будучыні, і ЗША працягваюць падтрымліваць яго», — дадала Фішэр.

Спікер прадстаўніцтва Еўрасаюза па Беларусі Пітэр Стана адзначыў, што праз паўтара года ў Беларусі працягваюцца шырокамаштабныя парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі, а таксама нагадаў пра 1040 палітычных зняволеных у беларускіх турмах.

«Кожны дзень прыходзяць навіны аб новых палітычна матываваных прысудах. ... Еўрапейскі саюз працягвае заклікаць да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення. Разам з нашымі міжнароднымі партнёрамі мы дамагаемся правасуддзя для ахвяр і прыцягнення вінаватых да адказнасці. Сотні журналістаў былі вымушаныя пакінуць краіну з-за пераследу. Улады Беларусі абвясцілі незалежную журналістыку па-за законам, а грамадзян пераследуюць за тое, што яны шукаюць інфармацыі з якіх-небудзь незалежных крыніц», — сказаў ён.

Спікер дадаў, што беларускія журналісты працягваюць выконваць сваю «крытычна важную ролю па асвятленні падзей для аўдыторыі ў Беларусі і за яе межамі», а ў Еўрапейскім Саюзе працягнуць падтрымліваць беларускую незалежную журналістыку, і ў цэлым народ Беларусі ў імкненні да бяспечнай, суверэннай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні.