На Берлінале ўпершыню прадставяць фільмы незалежных беларускіх аўтараў

Берлінскі кінафестываль пройдзе 10-20 лютага. На ім упершыню прадставяць мастацкія, дакументальныя і анімацыйныя фільмы незалежных беларускіх аўтараў.

berlinale.jpg


Сярод удзельнікаў віртуальнага паказу — Аляксей Палуян («Кураж»), Максім Швед («Маршрут перастроены»), Андрэй Куціла («Калі кветкі не маўчаць»), Ната Карнеева (Shirey Mara), Уладзімір Казлоў («Лета 89»), Юры Сямашка («Калі я быў Генерал»), Іван Гапіенка («Каралеўства Зорак»).

Арганізатар віртуальнага стэнду — грамадская ініцыятыва Belarusian Filmmakers’ Network (BFN), якую стварылі ў канцы мінулага году, каб падтрымаць незалежных кінематаграфістаў.

Беларускія аўтары сутыкнуліся з пераследам пасля 2020 года. Арыштавалі прадзюсара фільма «Дэбют» Віктара Лабковіча, які выстаўляўся на «Оскар» ад Беларусі ў 2019 годзе. Дырэктарку кінафестывалю праваабарончага кіно Watch Docs Тацяну Гацуру-Яворскую арыштоўвалі ў межах крымінальнай справы.

Многія беларускія кінематаграфісты цяпер раскіданыя па ўсім свеце. Віртуальны стэнд BFN на EFM — спроба аб'яднаць іх і акрэсліць перспектыву ў сітуацыі, якая камусьці можа падацца безвыходнай.

Імпрэзы віртуальнага стэнду BFN:

11 лютага, 12:30 — паказ фільма Уладзіміра Казлова «Лета 89».

12 лютага, 18:00 — дыскусія «Filmmakers at risk: current state of a dangerous film industry». Удзельнікі: Аляксей Палуян, Максім Швед, Уладзімір Казлоў, Леанід Каліценя. Мадэратар: Максім Жбанкоў.

13 лютага, 12:30 — паказ фільму Максіма Шведа «Маршрут перастроены».

15 лютага, 12:30 — паказ анімацыйнай праграмы Наты Карнеевай Shirey Mara, фільма Юрыя Сямашкі «Калі я быў Генерал» і «Царства Зорак» Івана Гапіенкі.