Хронікі рэпрэсій за 5 кастрычніка: +15 палітвязняў і крымінальныя справы на былых прапагандыстаў

Сабралі для вас галоўныя навіны сённяшняга дня ў Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


15 гадоў пазбаўлення волі і штраф у памеры 300 базавых велічынь прысудзілі супрацоўніку Віцебскага аддзялення «Беларускай чыгункі», паведамляе прэс-служба Следчага камітэта. Мужчыну абвінавацілі ў «падрыхтоўцы тэракта» на чыгунцы і «распальванні варожасці» ў дачыненні да Расійскай Федэрацыі.
Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу супраць былога журналіста тэлеканала «Беларусь 1» Дзмітрыя Лукшы і яго жонкі Паліны Палавінка. Абодвух абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» і «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Паводле матэрыялаў справы, Лукша здымаў відэасюжэты, у якіх утрымлівалася «заведама непраўдзівая інфармацыя», і «перадаваў іх замежнаму тэлеканалу». Палавінка, як сцвярджаюць следчыя, у выглядзе сірыйскай грамадзянкі знялася ў відэасюжэце пра лагер мігрантаў на беларускай мяжы і невыкананне правоў бежанцаў.
Затрыманы арганізатар футбольных квізаў Максім Чэрнікаў. У «пакаяльным відэа», якое знялі з ім сілавікі, ён гаворыць, што «падпісаны на "экстрэмісцкія" каналы, распаўсюджваў з іх інфармацыю і паведамляў інфармацыю ў боты "Nexta", а таксама на гульнях "Футбольных войнаў" у якасці прызоў уручаў кубкі і медалі з гербам "Пагоня"».
Таксама ГУБАЗіК затрымаў галоўнага інжынера ААТ «Мілкавіта» Аляксандра Стругальскага. Яго абвінавачваюць у «фінансаванні экстрэмісцкіх арганізацый», падпісках на «экстрэмісцкія рэсурсы», спробе «зрыву рэферэндуму на выбарчых участках Савецкага раёна Гомеля». З мужчынам таксама знялі «пакаяльнае відэа».
Грамадскага актывіста Змітра Дашкевічаперавялі ў папраўчую калонію №14 у Навасадах, паведамляе жонка палітвязня Наста Дашкевіч. Паводле яе слоў, адразу пасля пераводу Зміцер трапіў у ШІЗА. Наста просіць падтрымаць яе мужа малітвамі.
Крымінальная справа ў дачыненні да журналіста «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзя Мажэйкіперададзеная ў суд. Мажэйку прад'яўляюць «распальванне сацыяльнай варожасці» і «абразу прадстаўніка ўлады» — за матэрыял з каментаром па «справе Зельцэра». Следства па справе журналіста цягнулася год.
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 15 чалавек. Сярод іх — Наталля Дуліна і Мерыем Герасіменка. Усяго ў краіне на дадзены момант, паводле версіі «Вясны», 1348 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissident.by» вызнае палітвязнямі 1653 чалавекі, сярод якіх 201 жанчына і 7 непаўнагадовых.