Справу журналіста «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзя Мажэйкі перадалі ў суд

Следчы камітэт завяршыў расследаванне, пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да журналіста «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзя Мажэйкі. Папярэдняе следства па крымінальнай справе журналіста доўжылася амаль год.

wr_960_dfg37.jpg


Генадзь Мажэйка быў затрыманы 1 кастрычніка 2021 года ў Маскве. Ён аўтар матэрыялу, у якім станоўча гаворыцца пра Андрэя Зельцэра ў дзяцінстве. Зельцэр падчас штурму яго кватэры забіў супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка.

Мажэйку будуць судзіць па двух крымінальных артыкулах — па ч.1 арт.130, ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэкса.

Санкцыя па ч. 1 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці») прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі, за абразу прадстаўніка ўлады (ч.1 арт. 368 КК) пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Мажэйка з моманту затрымання знаходзіцца пад вартай, зараз ён утрымліваецца ў СІЗА №1 у Мінску.

Справу будзе разглядаць Мінскі гарадскі суд. Пакуль няма інфармацыі, будзе яна разглядацца ў адкрытым ці ў закрытым судовым пасяджэнні.

Пасля публікацыі нататкі Мажэйкі, якая праіснавала на сайце 3 хвіліны, сайт «Камсамольскай праўды» быў заблакіраваны Міністэрствам інфармацыі. Галоўны рэдактар «Камсамольскай праўды» Уладзімір Сунгоркін пракаментаваў блакіраванне сайта так: у Беларусі такім чынам «рэалізуецца жорсткая дзяржаўная палітыка па ўсталяванні поўнага кантролю за медыя». На яго погляд, беларускія ўлады баяцца незалежных медыя праз цяжкую палітычную і эканамічную сітуацыю.

Пасля гэтага «Камсамольская праўда» вырашыла ўвогуле спыніць дзейнасць у Беларусі і закрыла сваё прадстаўніцтва.

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі хацелі б спадзявацца, што пераслед карэспандэнта «КП у Беларусі» Генадзя Мажэйкі не звязаны з яго прафесійнай дзейнасцю.