«Нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння»: Мінінфарм патлумачыў блакаванне kp.by

У Міністэрстве інфармацыі Беларусі пракаментавалі блакаванне сайта «Камсамольскай праўды ў Беларусі».

5b2a201b_02eb_444c_9fe0_a6f247f01fc8.jpg


Мера была прынятая на падставе рашэння Міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы пры савеце бяспекі, піша REFORM.by са спасылкай на афіцыйныя СМІ.

«У інтэрнэт-рэсурсе kp.by размешчана публікацыя, у якой утрымліваюцца звесткі, што спрыяюць фарміраванню крыніц пагроз нацыянальнай бяспекі, якія заключаюцца ў штучным нагнятанні напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, паміж грамадствам і дзяржавай. Згодна з артыкулам 38 "Закона аб СМІ", у сродках масавай інфармацыі, на інтэрнэт-рэсурсах забаронена распаўсюджванне інфармацыі, здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам», — гаворыцца ў паведамленні.

Сайт «Камсамольскай праўды» kp.by перастаў адкрывацца з Беларусі і па-за межамі сёння. Гэта здарылася пасля таго, як на партале была апублікаваная нататка з каментаром аднакласніцы Андрэя Зельцэра пра перастрэлку ў мінскай кватэры, якая выклікала сапраўдную істэрыку ў беларускіх прапагандыстаў.

Галоўны рэдактар «Камсамольскай праўды» Уладзімір Сунгоркін пракаментаваў на ўласным радыё блакаванне сайта беларускай версіі газеты.

«Год таму нас перасталі друкаваць у Беларусі — газету “Камсамольская праўда”. Забаранілі вядучым сеткам краіны распаўсюджваць газету. Беларусь становіцца ўсё больш абложанай крэпасцю — па палітычнай стылістыцы ... Там усё больш жорстка, больш жорстка», — заявіў галоўны рэдактар «КП».

Ён мяркуе, што ў апублікаванай нататцы з каментаром аднакласніцы Андрэя Зельцэра пра перастрэлку ў мінскай кватэры «нічога страшнага не было». «Я вам выдам такую таямніцу: нататка ў тым выглядзе, якая прывяла да таго, да чаго яна прывяла, яна на самой справе была на сайце роўна тры хвіліны — з 22:04 да 22:07. На працягу трох хвілін рэдактар убачыў, што нататка не зусім адпавядае цяперашнім уяўленням пра усю гэтую гісторыю, яе перарабіў, замяніў загаловак», — распавёў Сунгоркін.

Ён лічыць, што ў Беларусі такім чынам «рэалізуецца жорсткая дзяржаўная палітыка па ўсталяванні поўнага кантролю за медыя». На яго погляд, беларускія ўлады баяцца незалежных медыя праз цяжкую палітычную і эканамічную сітуацыю.

Нагадаем, перастрэлка адбылася ўчора пры спробе правесці ператрус у Андрэя Зельцэра. Ён не адчыніў дзверы сілавікамі, і яны іх выламалі. Калі супрацоўнікі ўварваліся ў кватэру, па іх быў адкрыты агонь. Стрэламі ў адказ яны забілі Андрэя Зэльцэра. Яго жонка затрыманая. Узбуджаная крымінальная справа.

 Генпракуратура ўжо паспела правесці праверку па факце прымянення зброі супрацоўнікамі КДБ і прызнала іх дзеянні законнымі.