Расследаванне СМІ аб атручванні Навальнага атрымала прэмію «Эмі»

Матэрыял CNN, падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з «Bellingcat», «The Insider» і «Der Spiegel», уганараваны прэміяй «Эмі» ў намінацыі «Рэпартаж-расследаванне ў навіновай праграме».
Журналісцкае расследаванне некалькіх СМІ аб атручванні расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага ўганараванае амерыканскай тэлевізійнай прэміяй «Эмі». Узнагароду ў намінацыі «Рэпартаж-расследаванне ў навіновай праграме» атрымаў сюжэт, які выйшаў у эфіры тэлекампаніі CNN, паведаміла ў сераду, 29 верасня, журы «Эмі». Расследаванне праводзілася сумесна журналістамі CNN, «Bellingcat», «The Insider» і «Der Spiegel».

Удзельнікі журналісцкага расследавання прыйшлі да высновы, што на Навальнага ў жніўні 2020 года ажыццявілі замах з выкарыстаннем забароненага баявога атрутнага рэчыва групы «Навічок» супрацоўнікі спецгрупы ФСБ, якія дзейнічалі пад прыкрыццём Інстытута крыміналістыкі. У апублікаваным 14 снежня мінулага года матэрыяле паказваецца, што супрацоўнікі ФСБ сачылі за Навальным некалькі гадоў. Следчыя высветлілі, што, паводле базы даных авіяпералётаў, члены групы лёталі ў дзясяткі гарадоў Расіі, куды лётаў і Навальны.

Аляксей Навальны ў жніўні 2020 года быў атручаны ў Томску і затым перавезены на лячэнне ў Германію. Навальны абвінавачвае ў замаху прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і ФСБ. Больш за 50 краін — удзельніц АЗХЗ заклікалі Расію расследаваць атручванне палітыка. Улады РФ адмаўляюць усе абвінавачанні. ЕС і Вялікабрытанія ўвялі санкцыі за атручванне Навальнага.

17 студзеня 2021 года Навальны вярнуўся ў Расію і быў затрыманы ў аэрапорце «Шарамецева». 2 лютага ён быў асуджаны на 2 гады і 8 месяцаў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў парушэнні абавязацельстваў умоўна асуджанага па справе касметычнай кампаніі «Іў Рашэ». У рамках гэтай справы Аляксей Навальны і яго брат Алег у снежні 2014 года былі прызнаныя вінаватымі ў крадзяжы.

Прэмія «Эмі» лічыцца самай прэстыжнай сусветнай узнагародай у галіне тэлебачання. Назва прэміі паходзіць ад слова «immy» — так называлася вакуумная трубка ў першых тэлевізійных камерах.

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: