Пяскоў назваў правільным рашэнне «Камсамолкі» спыніць працу ў Беларусі і спадзяецца, што пераслед Мажэйкі не звязаны з яго прафесійнай дзейнасцю
У Крамлі лічаць, што «Камсамольская праўда» паступіла слушна, зачыніўшы сваё беларускае прадстаўніцтва. Пра гэта сёння заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.
«У дадзеным выпадку мы бачым, што, па ўсёй бачнасці, адзіна правільнае рашэнне прыняло выданне аб закрыцці падраздзялення ў Беларусі», — сказаў ён, перадае REFORM.by.
Пяскоў выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што буйное расійскае выданне цяпер не прадстаўлена ў Беларусі. «Можна выказаць шкадаванне ў сувязі з тым, што ў Беларусі спыніла працаваць наша вельмі аўтарытэтнае і папулярнае выданне, і вельмі паважанае», — дадаў ён.
Ён таксама заявіў: у Крамлі хацелі б спадзявацца, што пераслед карэспандэнта «КП у Беларусі» Генадзя Мажэйкі не звязаны з яго прафесійнай дзейнасцю.
«Яшчэ раз хочацца сказаць, што мы хацелі б спадзявацца, што дзеянні ў дачыненні да журналіста “Камсамольскай праўды” не звязаныя з ягонай журналісцкай працай», — сказаў Пяскоў.
Ён дадаў, што Крэмль знаходзіцца ў пастаянным дыялогу з беларускім бокам і будзе працягваць яго, даводзячы сваю пазіцыю. Пяскоў таксама адмовіўся пацвярджаць інфармацыю беларускага МУС, што Генадзь Мажэйка быў затрыманы ў Беларусі, а не ў Расіі, як спачатку пісалі СМІ.
«Не, мы сапраўды не можам, мы проста не ведаем, дзе і кім ён быў затрыманы. Мы такой інфармацыяй не валодаем», — сказаў Пяскоў.
Нагадаем, сайт выдання заблакаваны ў Беларусі з 29 верасня. Як заявілі ў Мінінфарме, гэта было зроблена на падставе рашэння міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы пры ўрадзе ў сувязі з размяшчэннем на сайце «інфармацыі, здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам».
Прычынай стаў артыкул журналіста Генадзя Мажэйкі, прысвечаны Андрэю Зельцэру, які загінуў падчас перастрэлкі на вуліцы Якубоўскага ў Мінску.
Мажэйка затрымалі ў мінулую пятніцу ці то ў Маскве, то ў Мінску, цяпер ён у СІЗА ў Жодзіна. Затрымалі журналіста па крымінальнай справе, узбуджанай па ч. 3 арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) КК РБ. Па першым артыкуле максімальны тэрмін пакарання складае да 12 гадоў пазбаўлення волі, па другім — да трох гадоў.
У Мінску ў яго кватэры супрацоўнікі КДБ правялі ператрус.
5 кастрычніка «Камсамольская праўда» прыняла рашэнне зачыніць сваё прадстаўніцтва ў Мінску — ЗАТ «БелКП-ПРЭС».