Абарона журналіста Генадзя Мажэйкі падала скаргу на ягоны арышт
Абарона журналіста «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзя Мажэйкі, які не выйшаў на волю праз 72 гадзіны пасля затрымання, падала скаргу на яго арышт.

Журналіста перавялі з ізалятара на Акрэсціна ў жодзінскае СІЗА, нагадвае REFORM.by.
Генадзь Мажэйка быў затрыманы 30 верасня. Пад яго подпісам выйшаў матэрыял пра перастрэлку ў мінскай кватэры з каментаром аднакласніцы загінулага Андрэя Зельцэра. Пасля выхаду нататкі доступ да сайта беларускай «Камсамолкі» kp.by быў абмежаваны. Як патлумачыў Мінінфарм, у артыкуле ўтрымліваліся «звесткі, якія спрыяюць фармаванню крыніц пагроз нацыянальнай бяспекі, якія заключаюцца ў штучным нагнятанні напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, паміж грамадствам і дзяржавай».
Рэдакцыя газеты заявіла, што не мае на мэце ствараць напружанне ў грамадстве і выказала гатоўнасць ліквідаваць выяўленыя парушэнні.
Крэмль лічыць абмежаванне доступу да сайту «Камсамольскай праўды ў Беларусі» парушэннем прынцыпу свабоды СМІ. Учора стала вядома, што «Комсомольская правда» закрывае сваё беларускае прадстаўніцтва – ЗАТ «БелКП-прэс».
Вядома, што Мажэйка быў затрыманы пасля выезду ў Расію, але ў МУС РБ сцвярджаюць, што яго затрымалі на тэрыторыі Беларусі.