Актывісты запусцілі ініцыятыву «Здароўе за кратамі»
У рамках кампаніі будуць створаны матэрыялы — сведчанні пра умовы ўтрымання адміністрацыйна арыштаваных.
«Мінулы год стаў годам выпрабаванняў для беларусаў. З жніўня 2020-га і па цяперашні час рэпрэсій у Беларусі пацярпела больш за 30 000 чалавек, — адзначаюць аўтары ініцыятывы. — Парушаюцца як нацыянальныя нормы, адносна права на ахову здароўя ў адміністрацыйна арыштаваных, так і міжнародныя стандарты ў кантэксце артыкула 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах».
У рэалізацыі ініцыятывы «Здароўе за кратамі» ўдзельнічае каманда спецыялістаў, сярод якіх — лекары, юрысты, псіхолагі, журналісты і PR-спецыялісты. Ініцыятыву падтрымліваюць грамадскія арганізацыі і ініцыятывы ў розных краінах — Літве, Украіне, Польшчы, ЗША, піша «Салідарнасць».
У рамках кампаніі будуць створаны матэрыялы-сведчанні аб умовах утрымання адміністрацыйна арыштаваных: артыкулы, відэа, падкасты, інфаграфіка і іншыя.
Ініцыятыва нацэленая на дапамогу людзям у аднаўленні парушаных правоў.
«Мы дапамагаем тым, хто быў адміністрацыйна арыштаваны, аднавіць права на ахову здароўя. Даем кансультатыўную медыцынскую і псіхалагічную дапамогу. Ананімна», — кажуць ініцыятары праекта.
Юрысты ініцыятывы дапамогуць у падрыхтоўцы зваротаў у беларускія дзяржаўныя органы тым людзям, чыё права на ахову здароўя было парушана. А таксама забяспечаць юрыдычную падтрымку пры накіраванні зваротаў у міжнародныя інстанцыі.