Зміцер Дашкевіч пераведзены ў папраўчую калонію №14 у Навасады
Пра гэта ў Фэйсбук паведаміла яго жонка Наста Дашкевіч. Па яе словах, Зміцер адразу па прыбыцці ў калонію быў накіраваны ў штрафны ізалятар.

Яна просіць неабыякавых людзей падтрымаць яе мужа малітвамі.
Нагадаем, 23 сакавіка 2022 у кватэры Дашкевічаў адбыўся ператрус. Тады забралі ўсю тэхніку.
24 сакавіка 2022 у ГУБАЗіК паведамілі, што на Зміцера Дашкевіча «сабраны матэрыял для прыцягнення яго паводле артыкула 342 КК РБ, таксама ідзе праца па кваліфікацыі іншых ягоных дзеянняў, у тым ліку распальванні нянавісці праз інтэрнэт-супольнасці».
Адметна, што Дашкевіча здымалі ў кабінеце беларускіх сілавікоў, дзе на дзвярах вісяць прарасійскія плакаты з літарамі Z і V, што сталі сімваламі ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну.
Наста Дашкевіч у той дзень паведаміла, што актывіста трымаюць на Акрэсціна. Таксама адбыўся суд над Змітром па адміністрацыйным артыкуле. Яму прысудзілі 15 сутак.
6 красавіка 2022 жонка Зміцера напісала: «Званіў следчы з СК. Зміцер арыштаваны па 342 ч1. Заўтра не выйдзе». 16 красавіка 2022 Зміцера Дашкевіча перавялі ў СІЗА №1 на Валадарскага. Ён знаходзіцца пад вартай за нібы «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

29 красавіка 2022 Насце Дашкевіч паведамілі, што яна з’яўляецца падазраванай паводле «народнага» артыкула 342 ч.1 КК.
15 чэрвеня 2022 у сям'і Дашкевічаў нарадзіўся сын Данііл. Гэта чацвёртае дзіцё ў сям'і: у Дашкевічаў яшчэ дзве дачкі Мара і Магдалена, і сын Давід.
11 ліпеня а 11.30 пачалі разгляд крымінальнай справы Дашкевічаў. Тады ж пракурор запатрабаваў 1,5 гады зняволення для Змітра і Насты.
14 ліпеня Зміцеру і Насце Дашкевічам агучылі прысуды. Зміцера асудзілі да 1,5 года калоніі, як і прасіў бок абвінавачвання, а Насту — да 3 гадоў «хатняй хіміі».
