Палітвязень Уладзімір Мацкевіч у турме напісаў дзве кнігі
«Мы асцерагаемся, што ўлады могуць канфіскаваць гэтыя тэксты і яны будуць згублены для навакольнага свету», — распавяла дачка палітзняволенага філосафа Надзея Лучанок.
Пра гэта яна казала падчас канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні ў Варшаве — найбуйнейшай у Еўропе канферэнцыі па правах чалавека і дэмакратыі. Адно з пленарных пасяджэнняў называлася «Вязні Пуціна і Лукашэнкі: палітычныя зняволеныя ў Расіі, Беларусі і АБСЕ». Менавіта на ім выступіла, сярод іншых, Надзея Лучанок.
Апроч навін пра бацьку яна зазначыла, што сёння ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі: «Блогеры, бізнесоўцы, удзельнікі прэзідэнцкай кампаніі і мірныя дэманстранты аказаліся за кратамі толькі таму, што не пабаяліся скарыстацца сваімі правамі: правам удзельнічаць у мірных сходах, выказваць сваё меркаванне і займацца палітычнай дзейнасцю. Рэпрэсіі зазнаюць усе слаі насельніцтва: ад актыўных пратэстоўцаў да тых, хто проста каментуе і лайкае допісы ў сацсетках», — сказала Надзея.
Надзея Лучанок таксама адзначыла, што нельга разглядаць тэму палітычных зняволеных па-за палітычным дыскурсам: «Палітвязні ў Беларусі — гэты адзіны супраціў, які застаўся. Можна лічыць іх ваеннапалоннымі. Вядома, наша галоўная мэта — вызваленне ўсіх палітвязняў. Але цяпер важна знайсці рашэнні для шэрагу кароткатэрміновых і прамежкавых задач. Неабходны скаардынаваны вонкавы ціск на кіруючы рэжым, выразная пазіцыя і патрабаванні да ўлад».
Па яе словах, людзей, безумоўна, трэба выпускаць. «Але рэжым не вызваліць усіх адразу. Працэс можа зацягнуцца, як гэта было ў 2011–2014 гадах. Вось чаму важна пачаць з вызвалення хаця б некаторай значнай колькасці палітычных зняволеных. Хай нават не ўсіх. Я выступаю тут ад імя сваякоў палітвязняў. У нас досыць волі і розуму, каб вызваліць вязняў сумлення — нам яшчэ будаваць новую Беларусь, будучую дэмакратыю», — заявіла дачка Уладзіміра Мацкевіча.
Уладзіміра Мацкевіча арыштавалі 4 жніўня 2021 года і больш за паўгода трымалі ў турме без выстаўлення абвінавачванняў. У лютым 2022 года, патрабуючы, каб ягоную справу перадалі ў суд, ён абвясціў сухую галадоўку. У чэрвені 2022 года Мацкевіча асудзілі да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «грубае парушэнне грамадскага парадку», «кіраванне экстрэмісцкім фарміраваннем» і «абразу Лукашэнкі».
«Але насамрэч яго пакаралі за іншадумства, за “думказлачынства” ў духу Оруэла», — сказала Надзея Лучанок.
Паводле праваабаронцаў.