Вынесены прысуд філосафу-палітвязню Уладзіміру Мацкевічу
Сёння, 23 чэрвеня, палітвязню Уладзіміру Мацкевічу прысудзілі пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Філосафа і метадолага, заснавальніка «Лятучага ўніверсітэта» Уладзіміра Мацкевіча затрымалі 4 жніўня 2021 года. Яму прад’явілі абвінавачванне ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак паводле арт. 342.
У сярэдзіне красавіка 2022 года справу Уладзіміра накіравалі ў суд. Палітвязню выставілі канчатковае абвінавачванне па трох артыкулах КК: ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за «Марш Народнага Ультыматуму» 25 кастрычніка 2020 г., ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) за платформу «Сход», а таксама ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) за відэазапіс на YouTube-канале.
Справу Мацкевіча разглядаў Сяргей Епіхаў. Ён жа раней выносіў рашэнні па справе Марыі Калеснікавай і Максіма Знака.