Філосаф Уладзімір Мацкевіч імкнецца працаваць нават за кратамі

Філосаф-палітвязень Уладзімір Мацкевіч правёў у няволі 365 дзён, але яго мысленне і справа не спыняюцца: выходзяць кнігі, ствараецца аўдыяпраект. Калегі палітзняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча запусцілі сайт з яго працамі

  Фота: Аркадзь Собалеў

  Фота: Аркадзь Собалеў

Чалавек Мацкевіч ужо год, з 4 жніўня 2021 года, у турме, але на філосафа Мацкевіча гэта не паўплывала.

Уладзімір Мацкевіч заўсёды выдатна ўсведамляў і гэтую перавагу, і звязаную з гэтым адказнасць. Іранічна на ўсе папярэджанні аб арышце ён адказваў: «Я ж — філосаф, я — ваша думка, хто ж мяне пасадзіць?».

За гэты год выйшлі дзве новыя кнігі Уладзіміра Мацкевіча – «Адказваючы за сябе. Зацемкі філосафа са шкодным характарам» і «Свабода і мысленне. Эсэ аб грамадзянскай супольнасці». У першай кнізе Мацкевіч звяртаецца да неабходнасці філасофіі для ўладкавання краіны. «Ні адна рэвалюцыя не магчымая без сучаснай і адначасовай ёй філасофіі», — піша ён. У другой кнізе ён аналізуе грамадзянскую супольнасць, якая пераўтворыць Беларусь, асвойваючы і ўстанаўліваючы кантроль над усімі галінамі жыцця нацыі.


У лютым 2022 года В.Мацкевіч абвясціў галадоўку. Ён патрабаваў змены характару следчых дзеянняў у дачыненні да яго: калі вы мяне сабраліся судзіць, то судзіце неадкладна! І гэта было тым дзеяннем, якое выклікала самую шырокую грамадскую рэакцыю. У падтрымку Мацкевіча выказаліся сотні навукоўцаў, літаратараў, філосафаў з усяго свету, сярод якіх аўстралійскі філосаф Пітэр Сінгер, польскі інтэлектуал Адам Міхнік, грузінскі філосаф Гіа Нодыя, венгерскі дысідэнт і пісьменнік Далаш Д'ёрдзь і многія іншыя.

23 чэрвеня гэтага года Мацкевіч быў прыгавораны да 5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Колькі з гэтага тэрміну трэба правесці Мацкевічу ў турме? Колькі трэба будзе правесці іншым палітычным зняволеным?

Мацкевіч сказаў бы, што гэта залежыць ад нас, ад нашых асабістых дзеянняў і рашэнняў, з якіх складаецца сукупнае дзеянне грамадзянскай супольнасці.

І пра гэта важна гаварыць з Мацкевічам-філосафам, з яго тэстамі і ідэямі, згаджаючыся ці спрачаючыся, працягваючы філасофскую размову або дзейнічаючы з практычнай пазіцыі.

Сёння калегі Уладзіміра Мацкевіча, кампанія "Філосаф у турме", запускаюць персанальны сайт філосафа і метадолага matskevich.org. На ім ужо можна знайсці асноўныя кнігі, тэксты, відэа і адукацыйныя курсы. І ён будзе папаўняцца матэрыяламі розных гадоў і на розныя тэмы.

4 жніўня 2022 года на платформе Kikstarter стартуе кампанія па запісе аўдыёкніжкі "Свабода і Мысленне: эсэ аб грамадзянскай супольнасці", задуманая шэрагам грамадзянскіх ініцыятыў, у тым ліку выпускніцамі(-камі) Лятучага універсітэта, чытачамі Мацкевіча, якія хацелі б падзяліцца яго ідэямі з вялікай колькасцю актыўных людзей Беларусі. Партнёрамі з'яўляюцца Нацыя Лідэраў, Беларусы Замежжа, Беларускі Моладзевы Хаб, Маланка, Zubr, Лятучы ўніверсітэт, кампанія "Філосаф у турме".

Цяпер Уладзімір Мацкевіч знаходзіцца ў Магілёве, СТ №4.

http://https//novychas.online/hramadstva/ad-szahcjorau-da-losika-samyja-hucznyja-haladouki

Нагадаем, заснавальніка «Лятучага ўніверсітэта» Уладзіміра Мацкевіча затрымалі 4 жніўня 2021 года. Яму прад'явілі абвінавачванне ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак паводле арт. 342. У сярэдзіне красавіка 2022 года справу Уладзіміра накіравалі ў суд. Палітвязню выставілі канчатковае абвінавачванне па трох артыкулах КК: ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за «Марш Народнага Ультыматуму» 25 кастрычніка 2020 г., ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) за платформу «Сход», а таксама ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) за відэазапіс на YouTube-канале.

23 чэрвеня 2022 года Уладзіміру Мацкевічу прысудзілі пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 22 ліпеня стала вядома, што ён не абскарджваў прысуд.

Паводле прэс-рэлізу